Уступнае слова аўтара праекта

Гісторыя Лычкоўскіх (у розным напісаньні: Łyčkoŭski - Łyczkowski - Lyčkovskis - Lyczkowski - Lyczkowsky - Lytschkowski - Lychkouski - Lychkovskiy - Лычковский - Личковський) падобная да лёсу большасьці беларускіх шляхоцкіх фамілій. Таму, калі вы знойдзіце ТУТ сваё прозьвішча, магчыма і ў вас узьнікне і заахвочанасьць, і патрэба дазнацца гісторыі свайго роду. Калі тое здарыцца, я палічу свой сьціплы праект недарэмным.

Тым, хто выпадкова трапіў на гэту старонку, я параіў бы азнаёміцца з артыкулам У. Крукоўскага "Срэбная страла ў чырвоным полі" (часопіс "Спадчына" №2 1995 г.), зь якога ў свой час усё пачалося... і атрымалася тое, што вы зараз бачыце.

Г. Сянкевіч. "Патоп". Рота Кмитица На жаль, шматлікія архіўныя крыніцы з тае ці іншае прычыны не захаваліся да нашых дзён. Нешта знаходзіцца па-за межамі Беларусі й таму было для мяне недаступным. Амаль безнадзейным выглядае становішча з архіўнымі фондамі па былых Магілеўскай і Віцебскай губэрнях. Інфармацыя аб Лычкоўскіх з гэтых рэгіёнаў вельмі абрыўная і таму няпоўная. Выбачайце!

Пасьля азнаямленьня з асабістымі справамі Лычкоўскіх Менскага дваранскага дэпутацкага сходу мэтай майго архіўнага дасьледаваньня стала праверка дакладнасьці інфармацыі, якую яны ўтрымліваюць. На довад шляхоцкага паходжаньня хадайнікі часьцей падавалі не аўтэнтычныя дакумэнты са сваіх фамільных архіваў (ва ўмовах няспынных войнаў - з Масковіяй 1654-1667 г.г. *), хаўрусьнікаў са Швэцыяй 1700-1721 г.г., не кажучы ўжо аб драбнейшых ваенных канфліктах, - захаваць іх было праблематычна), а тыя дакумэнты, што здолелі знайсьці ў архівах земскіх канцэлярый. Часам знойдзеныя дакумэнты тычыліся іншых галінаў таго ці іншага роду. Таму й даводзілася "трохі" карэктаваць інфармацыю, каб асобныя дакумэнты не супярэчылі адзін другому. Гэткія "довады" прысутнічаюць і ў зацьверджаных Герольдыяй Сэнату выводах. Таму пададзеная на сайце інфармацыя паводле матэрыялаў Менскага й Віцебскага ДДС толькі прыблізна адлюстроўвае генэалёгію рода Лычкоўскіх і патрабуе праверкі ў альтэрнатыўных крыніцах.

На сёньняшні дзень удалося адшукаць больш за 200 архіўных дакумэнтаў, якія ўтрымліваюць інфармацыю аб Лычкоўскіх, - ад старажытных актаў да звычайных мэтрыкальных запісаў. Гэта дало магчымасьць адсеяць усю недасканалаю інфармацыю й наблізіцца да пабудовы сапраўднага фамільнага Радаводу Лычкоўскіх. Публікацыю якіх-кольвечы дакумэнтаў дадзены праект не прадугледжвае, а прапануе толькі агульнаю інфармацыю. Зацікаўленым асобам раю зьвяртацца да аўтара па тых ці іншых пытаньнях пэрсанальна.

Юзаф Хелмонскі. "Малітва перад бітвай (Рацлавічы)",1906 Спадзяюся, з вашай дапамогай, спадары Лычкоўскія, асабліва тых з вас, хто мае магчымасьць і жаданьне працаваць у нацыянальных гістарычных архівах, мы здолеем адкрыць наноў гісторыю нашага роду. Вялікія надзеі я ўскладаю на Лычкоўскіх - грамадзянаў Польшчы, Летувы і Украіны.

Дадзены праект АМАТАРСКІ й на нейкую навуковасьць не прэтэндуе.

Выказваю вялікую падзяку ўсім тым, хто дапамагаў і дапамагае стварэньню гэтага праекту! Асаблівая падзяка - спадару Ўладзіславу Вяроўкіну-Шалюце за пададзенаю інфармацыю, а таксама пану Марыюшу Маеку за дапамогу ў падрыхтоўцы польскамоўных старонак бачыны!

Беларускамоўная частка праекта выканана паводле сучаснага (ад 2005 года) нармалізаванага клясычнага правапісу.

Вашыя заўвагі, пытаньні, прапановы і інфармацыю выказваць пажадана па-беларуску ці па-ангeльску.

Посьпехаў,

Юры Лычкоўскі.
*) "Невядомая вайна" Генадзь Сагановіч, Менск "Навука і тэхніка", 1995.

Юры Лычкоўскі |