Легітымацыя шляхты ў правінцыях Рэчы Паспалітай, акупаваных Расеяй

Разбор шляхты

  • Старонка 1
  • Старонка 2
  • Старонка 3
  • Старонка 4
  • Старонка 5

Да легітымацыі шляхты, што жыла ў падпалых першаму падзелу Рэчы Паспалітай (далей - "РП") правінцыях, расейскія ўлады прыступілі амаль адразу пасьля іх уваходжаньні ў склад Расеі. Пра гэта сьведчаць зробленыя у 1773-1775 гг. у земскіх судах тых правінцый выводы дваранства, дзякуючы зьяўленьню дзьвух рукапісных рэгіянальных гербоўнікаў: віцебскага і аршанскага. Ужо Францішак Пекасінскі, выдавец віцебскага гербоўніка, пісаў, што "відаць, расейскі ўрад пасьля анэксіі Віцебскага ваяводзтва пры першым падзеле РП распарадзіўся ідэнтыфікаваць дваранства і заснаваць мэтрычныя кнігі" 1. У той час Пекасінскаму не быў вядомы аналягічны аршанскі гербоўнік, выдадзены годам пазьней Д. Даўгялай, архіварыюсам Цэнтральнага Віцебскага архіва. У гэтым гербоўніку ёсьць некалькі in extenso пададзеных выводавых пратаколаў, якія спасылаюцца на ўнівэрсал ад 14 ліпеня па старым стылі (далей - "с.с.") 1773 г., выдадзены па волі Кацярыны II губэрнатарам Магілёва Кахоўскім, - як на праўную падставу, па якой земскія суды былі ўпаўнаважаны "для заслухваньня шляхецкіх выводаў". Выдавец Даўгяла паказвае ў прадмове, што ён не можа меркаваць, у якой ступені выводы сем'яў, унесеных у гэты гербоўнік, адпавядаюць вымогам, усталяванымі унівэрсалам, таму як ён не змог знайсьці самога ўнівэрсала 2.

Вызначэньне пэрыяду, цягам якога працягваліся гэтыя першыя легітымацыі шляхты пад расейскай акупацыяй, было б магчыма толькі пасьля стараннага вывучэньня земскіх актаў гэтага рэгіёна. Цалкам відавочна, што яны не абмяжоўваліся Аршанскай і Віцебскай "правінцыямі", аб чым сьведчыць хаця бы "дэкрэт эдыкта сям'і Вайссенгофаў" ад 15 лютага 1773 года ў земскім судзе "правінцыі Дзьвінскай" - што да юрыдычнага зьместу аналягічнага выводам у Віцебскім і Аршанскім земствах, але які не спасылаецца на які-кольвек распарадчы акт акупацыйных улад 3.

У пэрыяд паміж першым і другім падзеламі, 21 красавіка с.с. 1785 году, дваранству была даравана грамата Кацярыны II ("Грамата на правы, вольнасьці і перавагі высакароднага расейскага дваранства").

Надзяленьне дваранскага саслоўя ў Расеі шырокімі прывілеямі і паданьне яму саслоўнага самакіравання выклікала патрэбу ўдакладненьня фармальных крытэраў дваранства і яго больш выразнае вылучэньне сярод іншых станаў. З той пары падараваныя дваранству прывілеі і вольнасьці мусілі былі падавацца толькі асобам, унесеным у заснаваныя для кожнай губэрні радаводныя дваранскія кнігі. У гэтыя кнігі маглі быць унесены толькі тыя, хто давёў сваё дваранскае паходжаньне ў губэрнскіх дэпутацкіх выводавых камісыях, якія складаліся з губэрнскага маршалка і групы дэпутатаў, абраных па адным ад кожнага павета для складаньня і вядзеньня радаводных дваранскіх кніг.

Гэтыя кнігі былі падзелены на шэсць частак. У першую частку павінны былі ўносіцца "роды действительного Дворянства", г.зн. нашчадкі асоб, набілітаваных расейскімі або замежнымі манархамі, а таксама роды, якія маюць довады сапраўднага дваранства да ста гадоў; у другую - "роды военного Дворянства", г.зн. асобы або нашчадкі асоб, якія набылі спадчыннае дваранства праз атрыманьне афіцэрскага чыну на расейскай вайсковай службе на падставе ўказа Пятра Вялікага ад 16 студзеня с.с. 1721 года; у трэцьцю - "роды осьмиклассного Дворянства", г.зн. асобы або нашчадкі асоб, якія набылі спадчыннае дваранства на падставе табелі Пятра Вялікага аб рангах на Расейскай дзяржаўнай службе ад 24 студзеня с.с. 1722 года; у чацьвёртую - "все иностранные роды", г.зн. дваранскія сем'і, прыйшэлыя зь іншых краін, якія ўступілі ў расейскае падданства; у пятую - "титулами отличенные роды", або сем'і, ганараваныя княскім, графскім або баронскім тытулам; у шостую - "древние благородные Дворянские роды", г.зн. роды, "якіх довады шляхетнай годнасьці за сто гадоў і вышэй узыходзяць; пачатак жа іх высакароднасьці пакрыт невядомасьцю" 4.

Падзел радавога дваранства і таго, якое дваранскія правы атрымала аўтаматычна праз атрыманьне афіцэрскага чыну або чынавенскага рангу, было чыстай саступкай старым расейскім баярскім родам, што неахвотна трывалі раўнаваньне ў правох з нашчадкамі асоб "подлого" стана, якія абавязаны ўзвядзеньнем у дваранства ўказам Пятра Вялікага. У кожным разе гэта была саступка, што не мела практычнага значэньня, бо не цягнула за сабой ніякіх праўных наступстваў для зацікаўленых бакоў: яна ніякім чынам не парушала асноватворны прынцып, на які абапіраўся інстытут дваранства ў Расеі, цесна злучаны з канцэпцыяй дзяржаўнай службы 5.

Довады, якімі можна было абгрунтоўваць высакароднае паходжаньне, "грамата" 1785 года вызначала шырока і лібэральна. Пералічваючы іх розныя варыянты, яна канстатавала казуістычную прыроду гэтага пераліку, "не выключаючы аднак жа і звыш таго што могуць адшукацца справядлівых і неаспрэчных довадаў якога роду, хоць бы тут і не прапісаны былі".

У выпадку прызнаньня пададзеных ім довадаў дастатковымі, губэрнскія дэпутацкія выводавыя камісыі аднагалосна або большасьцю ў дзьве траціны галасоў заносілі засьведчаных у адпаведную частку радаводнай кнігі і выдавалі грамату або пасьведчаньне, што пацьвярджала занясеньне ў дваранскую радаводную кнігу. Апроч патэнтаў, што выдаваліся выключна на расейскай мове, дэпутацкія выводавыя камісыі ў "польскіх губэрнях" дадаткова выдавалі прабантам маляваныя радаводы з іх гербамі, на якіх стаялі подпісы маршалка дваранства і павятовых дэпутатаў. Адмоўныя пастановы выводавых камісый маглі быць абскарджаны ў Герольдыі.

Указам ад 3 траўня c.c. 1795 года генэрал-губэрнатару Туталміну Кацярына II загадала пашырыць прэрагатывы дваранства, дараваныя граматай у 1785 годзе, "на ўсе землі і абсягі, ад Польшчы да Імпэрыі Нашай вернутыя". Доступ да выбарных пасад дваранскага самакіраваньня быў замацаваны толькі за дваранамі, якія валодалі зямельнай уласнасьцю; дазволена аднак жа "дворянам, которые временное имеют владение по наддачам, закладам и арендам, равномерно и всем по договорам, на землях помещичьих или казённых живущим, которые могут надлежащим образом доказать благородство свое, дозволить просить общество дворянское о принятии и вписании его в дворянскую книгу на основании жалованной Дворянству грамоты, дабы каждый, имея от собратий своих грамоту, о благородстве его свидетельствующую, мог воспользоваться правами, сему достоинству присвоенными..." 6.

У пастановах акупацыйных улад таго пэрыяду яшчэ не праглядаецца жаданьня прарэдзіць шэрагі польскай шляхты шляхам ускладненьня для яе працэсу легітымацыі. Брак імкненьня дзейнічаць у гэтым кірунку пацьвярджаецца таксама зацьверджаным Кацярынай 21 студзеня з.з. 1788 году даклад Сэната пра пакіданьне ў вольным саслоўі, т.зв. "панцарных баяраў", аселых у Полацкай губэрні ў былых сталовых маёнтках, якім таксама, паколькі могуць апынуцца паходжаньнем ад старой польскай шляхты, было дазволена даводзіць свае правы на прыналежнасьць да дваранскага саслоўя на падставе граматы 1785 года 7.

Здаецца, што губэрнскія дэпутацкія камісыі пачалі сваю дзейнасьць на акупаваных абшарах Польшчы пад канец валадараньня Кацярыны. Не быўшы злучанымі ніякімі даведзенымі тэрмінамі, гэтая дзейнасьць вялася мерна. Зь легітымацыяй сьпяшалася перш за ўсё найболей заможная або адукаваная шляхта, якая разбіралася ў вынікаючых з аформленых легітымацыйных фармальнасцяў перавагах. Шляхецкая супольнасьць заставалася пакуль у пасыўным чаканьні.

Узыход на трон Паўла I і частковае скасаваньне ім граматы 1785 года спынілі дзейнасьць губэрнскіх дваранскіх сходаў. Указам ад 4 сьнежня с.с. 1796 году гэтыя сходы былі пазбаўлены права выдачы засьвядчальных пасьведчаньняў і атрымалі загад падаваць свае пастановы ў Герольдыю.

Аднак сапраўдны "вялікі працэс легітымацыі паміж расейскім урадам і польскай шляхтай" (Корзан) пачаўся пры праўленьні Аляксандра I. Нягледзячы на рэстаўрацыю Аляксандрам праз маніфэст ад 2 красавіка с.с. 1801 году прыпыненых Паўлам прывілеяў, дараваных расейскаму дваранству Кацярынай, у першыя гады новага праўленьня вышлі пастановы, што ўзмацнялі жорсткасьць працэдуры легітымацыі.

Іменны ўказ Сэнату ад 4 лютага c.c. 1803 году, спасылаючыся на інфармацыю аб злоўжываньнях у губэрнскіх дваранскіх сходах, якія былі выяўлены ў некаторых губэрнях, вынікам чаго "многие, включаемы были в сословие Дворян, неимевшие никакого права", наказаў "дабы при внесении дворянских родов в родословные книги, наистрожайше наблюдаемы были правила, изображённые в 92 статье Дворянской грамоты, изданной в 21 день Апреля 1785 года; свидетельство же 12-ти благородных особ принималось бы не иначе, как в подкрепление только доказательств по точному смыслу 12 пункта вышеозначенной статьи, и то таких Дворян, в благородстве которых самих нет ни малейшего сомнения" 8.

Гэты ўказ увёў істотнае абмежаваньне сродкаў доваду, якімі грамата Кацярыны дазваляла аргумэнтаваць шляхетнасьць. У ліку гэтых сродкаў, азначаных у артыкуле 92, пункт 12 абвяшчаў Доказательство, что отец и дед вели благородную жизнь, или состояние, или службу сходственную с Дворянским названием, и свидетельство о том 12 человек благородных, о Дворянстве коих сомнения нет". Мажлівасьць засьвядчаць статус такімі "сьведкавымі лістамі" была значнай палёгкай, таму як гэта пазбаўляла зацікаўленых асобаў ад выдаткаў і цяжкасьцяў, зь якімі было часта злучана набыцьцё адпаведных дакумэнтаў. Такі агляд шырока выкарыстоўваўся шляхтай у акупаваных правінцыях пад канец XVIII - у пачатку XIX стагоддзя, а дэпутацкія выводавыя камісыі лічылі яго дастатковым довадам шляхетнасьці. Галоўным жа чынам, сьведкавыя дакумэнты былі імі па існасьці, прынамсі, калі гаворка ішла аб сьведчанні найважных асоб, бо звычайна ўносіліся імі для большай значнасьці ў земскія актавыя кнігі. Цяжка ж выказаць здагадку, каб пры саслоўнай вылучнасьці, якая да той пары працінала польскую шляхецкую супольнасьць, атрымалася заахвоціць дванаццаць абываталяў, якія займалі высокія пасады або становішча, выдаць такія сьведчаньні асобам, у шляхетнасьці якіх яны не былі перакананыя. Уласьцівы самой шляхце дух братэрства, незалежна ад уплывовасьці і маёмаснага становішча, спрычыніўся да таго, што больш заможныя шляхцічы палягчалі такім чынам шляхецкай браціі працэдуру легітымацыі. Відавочна, што маглі быць парушэньні, але ўзьнікаць яны мусілі былі толькі ў вынятковых выпадках.

Потым, 1 студзеня 1808 года, быў усталяваны канчатковы тэрмін, да каторага т.зв. чыншавая шляхта, г.зн. якая не валодае якой-кольвек нерухомасьцю, але што жыве на зямлі іншых уласьнікаў за чынш, "у далучаных ад Польшчы губэрнях", абавязана была падаць довады свайго дваранства. Іменным указам Сэнату ад 6 сакавіка с.с. 1808 году гэты тэрмін быў падоўжаны на няпэўны пэрыяд да далейшых дырэктываў, у той жа час было загадана, каб довады, пададзеныя чыншавай шляхтай, былі разгледжаны створанымі ў тых губэрнях выводавымі камісыямі 9.

У 1817 годзе ў Кіеўскай, Падольскай, Валынскай, Віцебскай, Магілёўскай, Менскай, Гарадзенскай, Віленскай і Курляндзкай губэрнях была прызначана рэвізыя т.зв. "шляхецкіх казак", інакш попісавых сьпісаў шляхецкага насельніцтва, вызваленага ад падатковага цяжару, складзеных скарбовымі палатамі 10.

Усе гэтыя агульныя ці адмысловыя дырэктывы былі ў першую чаргу скіраваныя супраць шляхты "польскіх губэрняў". Бо калі ва ўнутраных губэрнях Імпэрыі прывілеяваная кляса дваранства была малалікай, а ва ўсходніх і сыбірскіх губэрнях і зусім амаль не існавала, то на акупаваных абшарах Рэчы Паспалітай яна складала значны адсотак насельніцтва. Шостая рэвізыя "шляхецкіх казак" паказала на "польскіх губэрнях" больш за 200 тысяч асоб, што адносіліся да чыншавай шляхты, незацьверджанай, але вызваленай ад падаткаў.

Кіеўскі губэрнатар у 1816 годзе паведамляў Сэнату, што з мэтай запісацца ў "шляхецкія казкі" зь літоўскіх губэрняў прыбылі мяшчане, дваровая чэлядзь сялянскага паходжаньня і паходжаньня невядомага, вышлыя з Галічыны і Варшаўскага княства (sic!). "Нагода - пісаў ён, - такога лёгкага залічэньня невядомых людзей у шэрагі шляхты палягае ў тым, што ўсе сяляне вольныя, скарбовыя і старасьцінцы, а таксама мяшчане, гавораць, як вядома, ва ўкраінскіх губэрнях на маларасейскай мове і вызнаюць грэка-рускую рэлігію; земляўласьнікі, з выняткам невялікай лічбы расейцаў, і ўся шляхта, наадварот, гаворыць па-польску, вызнае рымска-каталіцкую або ўніяцкую рэлігію, і таму ўсе вышэй паказаныя збеглыя літоўскія мяшчане, вышлыя з Галічыны і Варшавы, дваровая чэлядзь і іншыя невядомага стана людзі, што гавораць па-польску і зь імёнамі падобна шляхце, прымаліся падчас рэвізый і складаньні сьпісаў за шляхту толькі на падставе іх падабенства і адрозьненьня ад тамтэйшых сялянаў і мяшчанаў" 11.

Трудно понять, насколько эти наблюдения были верными. Весьма вероятно, что наличие в польских провинциях широких масс мелкой шляхты облегчало проникновение нешляхетским элементам в "шляхетские сказки". В любом случае, помимо финансовых соображений, на стремление российской администрации упорядочить шляхетские отношения также повлияло желание сократить число привилегированного польского населения, которое уже проявлялось в планах, зародившихся ещё при Екатерине, переселения чиншовой шляхты и наделения её землёй в российской глубинке. Цяжка зразумець, наколькі гэтыя назіраньні былі дакладнымі. Вельмі імаверна, што наяўнасьць у польскіх правінцыях шырокіх мас дробнай шляхты палягчала пранікненьне нешляхецкім элемэнтам у "шляхецкія казкі". У кожным разе, апроч фінансавых меркаваньняў, на імкненьне расейскай адміністрацыі спарадкаваць шляхецкія адносіны таксама паўплывала жаданьне скараціць лічбу прывілеяванага "польскага" насельніцтва, якое ўжо выяўлялася ў плянах, што зарадзіліся яшчэ пры Кацярыне, перасяленьня чыншовай шляхты і надзяленьне яе зямлёй у расейскай глыбінцы.

Пад пагрозай страты вельмі важных тады саслоўных прывілеяў дробная шляхта запанікавала. Якія настроі ёю авалодалі было адлюстравана на старонках "Пана Тадэвуша" ў сцэне гутаркі Робака са шляхтай, што сабралася ў карчме Янкеля:

Як нам? Даўней, браты, хто у шляхоцкім родзе...
("А як жа,- крыкнулі ўсе,- роўны ваяводзе!")
А сёньня нам правоў шляхоцкіх адмаўляюць:
Вось дакажы паперай, хто ты,- заяўляюць!"

Хто ведае, ці не спрыяў гэты страх шырокаму ўдзелу дробнай шляхты ў лістападаўскім паўстаньні на Літве і Русі, што толькі стымулявала расейскі ўрад даканцова пазбавіць незацьверджаную шляхту дваранскіх саслоўных прывілеяў.

Створаны 16 верасьня с.с. 1831 года Камітэт Заходніх губэрняў атрымаў заданьне заняцца, сярод іншага, пытаньнем даканцовага ўрэгуляваньня шляхоцкіх адносін. Да злавеснай ініцыятывы магілёўскага губэрнатара Мураўёва - пасля сумна вядомага ката Літвы - прызначанага ў камітэт па яўнай просьбе Мікалая I, у першую чаргу варта аднесьці імпэратарскі ўказ Сэнату ад 19 кастрычніка с.с. 1831 году "Аб разборы шляхты ў Заходніх губэрнях і аб спарадкаваньні такога роду людзей".

"Состояние многочисленного сословия Шляхты в Западных губерниях, - чытаем ва ўказе, - неопределённость прав и повинностей оного и неуместное смешение, под общим сим именованием, действительных дворян с лицами, ни чем права своего на дворянство не утвердившими, от самого возвращения упомянутых Губерний к России обращали на себя внимание Правительства.

В следствие сего людям сим назначаемы были начально разные сроки для представления доказательств о своём происхождении, а потом сочтено нужным произвести им общий разбор. Но, по стечению разных обстоятельств, ни меры сии не имели доныне желаемого успеха, ни предположения о новом устройстве Шляхты, ещё от времён блаженной памяти Императрицы Екатерины II предначинаемые * и потом многократно возобновлявшиеся, не были приведены в действие. Между тем последние события в возвращённых от Польши Губерниях доказали, что люди сии, по недостатку оседлости и собственности и по образу жизни многих из них, наиболее склонны были к восстаниям и преступным действиям против законной власти.

Предав виновных заслуженному ими наказанию, Мы признали за благо ускорить вместе с сим приведением в действие предначертаний Наших к лучшему устройству остальных, и - положить решительный предел дальнейшему присвоению себе дворянских прав лицами, непричастными к дворянству, ни по их происхождению, ни по общим правам службы, основать положение их на началах более прочных, и прежним о них постановлениям соответственных.

Посему, и приняв в уважение:
1. Что при возвращении Западных Областей к России, права и преимущества Шляхетские Предками Нашими подтверждены были тем только лицам, кои действительно и законно к Шляхетскому или дворянскому сословию принадлежали, и что подтверждение таковое на присвоивших себе именование Шляхты самовольно, по самому существу вещи распространяться не могло;
2. Что при прежнем сих Областей Правительстве, все вообще Государственные сословия, не исключая даже действительных дворян, обязывались участвовать в земском ополчении и нести службу военную лично, в том порядке, как тогда повинность сия отправлялась, и
3. Что Шляхта несла тогда и повинности денежные, не только в виде пожертвований добровольных, но и по самому даже окладу, платя подымное и с имений своих офяру..."

Зыходзячы з вышэйпададзеных палажэньняў, указ загадваў захаваць прывілеі і прэрагатывы дараваныя ў Расіі дваранам толькі за зацьверджанай Герольдыяй шляхтай, якую з гэтага часу загадвалася ўва ўсіх публічных і судовых актах, складзеных на расейскай мове, называць не шляхтай, а "дваранствам"; шляхту, якая была зацьверджана губэрнскімі дваранскімі сходамі ці ўсё яшчэ знаходзілася ўстане зацьвярджэньня - да даканцовага вызначэньня яе статусу, вызваліць ад целавых кар і крымінальныя прысуды ў дачыненьні яе прадстаўнікоў надалей падаваць на зацьвярджэньне Сэнату, але іншыя дваранскія прэрагатывы, да зацьвярджэньня Герольдыяй - на яе не шырыць. Са шляхты ж незацьверджанай было ўтворана два новыя саслоўі: "грамадзяне", інакш ганаровыя грамадзяне, у якое запісывалі лекараў, мастакоў, адвакатаў і да т.п. гарадзкія жыхары, якіх сёньня мы называем гарадзкой інтэлігенцыяй; і "аднадворцы", да якога адносілі сельскіх жыхароў як аселых на сваёй ці чыншавай зямлі, гэтак і не аселых, якія знаходзіліся на службе пры двары ў абшарнікаў ці прыватных асоб. Кожнае з новых станаў абкладалася асобным падаткам ад 2 да 3 рублёў срэбрам з дыму, прызначанага для ўтрыманьня войскаў і што завецца падымным, а таксама павіннасьцю 15-гадовай вайсковай службы замест "паспалітага рушаньня"; аднак грамадзяне маглі быць вызвалены ад асабістай службы шляхам выплаты асобнага грашовага збору ў памеры адной тысячы рублёў асыгнацыямі. Кляса "аднадворцаў" праіснавала па 1868 год, калі паводле пастановы Дзяржаўнай Думы ад 14 лютага с.с. яна была скасавана і перайшла ў склад сельскіх ці гарадзкіх грамад 12.

У 1832 годзе Герольдыі было даручана здзяйсьняць рэвізыю пастаноў Дваранскіх сходаў 13.

Урэшце, пры рэалізацыі палажэньняў указа ад 19 кастрычніка, Сэнат 11 лістапада с.с. 1832 году падзяліў асоб, што належаць да "былой шляхты", на "три разряда: а) Дворян, как утверждённых Депутатскими Собраниями, так и никем не утверждённых, но владеющих населёнными дворянскими имениями с крестьянами без земли, или крепостными и дворовыми людьми; б) Дворян, утверждённых одними Дворянскими Депутатскими Собраниями, но населёнными имениями не владеющих, и в) Шляхтичей, неутверждённых и не владеющих населёнными имениями. Первый разряд, как само по себе не подлежащий ни подымной подати, ни поступлению в Военную службу, не подвергать оным; второй разряд освободить от сего до рассмотрения представленных доказательств Герольдией, а третий разряд безотлагательно подвергнуть определённому подымному сбору и Воинской службе." Адначасна Дваранскім сходам у заходніх губэрнях было забаронена выдаваць дваранскія пасьведчаньні без зацьвярджэньня Герольдыі 14.

Вышэйзгаданы падзел прывёў да дыфэрэнцыяцыі ўзаконенай шляхты на даканцова зацьверджаную Герольдыяй і што пажыцьцёва забясьпечыла свае правы і на т.зв. "доказывающую дворянство". Частка апошняй, знаходзячыся на дзяржаўнай службе, атрымаўшы чын, што дае права на набыцьцё спадчыннага дваранства, звычайна не пярэчыла зацьвярджэньню Герольдыяй яе права на дваранства паводле дадзенай падставы. Грамадзяне і аднадворцы таксама спрабавалі аднавіць згубленыя правы з дапамогай атрыманьня хоць бы асабістага дваранства на дзяржаўнай службе. Гэтым тлумачыцца тое, што па 1863 год у губэрнскіх і павятовых канцылярыях на ніжэйшых чынавенскіх пасадах было поўна "палякаў" 16.

Пачаты Мікалаем разбор шляхты не быў завершаны часам яго праўленьня. Незацьверджаная Герольдыяй шляхта зьнікла з дваранскіх сьпісаў толькі з 1863 году.

Усе гэтыя мікалаеўскія загады, што спрабавалі скараціць колькасьць старой шляхты, не перашкаджалі аднак легітымацыі сямей, якія не мелі шляхецтва ў Рэчы Паспалітай. У сілу няведаньня адносін, што склаліся ў нас у краіне ў XVIII стагоддзі, дваранамі прызнаваліся нашчадкі вайскоўцаў ці службоўцаў, пасады і чыны якіх маглі займаць прадстаўнікі і іншых станаў. У выніку ў пэрыяд 1804–1864 гг. уся маса такіх нешляхецкіх сямей атрымала дваранства, тым часам як несумнеўна большая лічба сямей, што належалі да старой шляхты, была аднесена да іншых саслоўяў 16.

Шмат каму з той шляхты і нешляхты пашчасьціла абысьці пільнасць Герольдыі, атрымаўшы пацьверджаньне фальсыфікаваных выводаў, падмацаваных сапраўднымі дакумэнтамі або падаўшы падробленыя.

Спасылаючыся на зьвесткі аб "существующих в Вильне и по Самогитским уездам злоупотреблениях в подделке фальшивых документов для доказательств дворянского достоинства", імпэратарскі ўказ ад 19 сьнежня с.с. 1833 году, каб не дапусьціць далейшых падробак у старажытных мэтрычных і актавых кнігах, загадваў стварыць для Віленскай, Гарадзенскай губэрняў і Беластоцкага абсягу, Кіеўскай, Падольскай і Валынскай губэрняў і Магілёўскай, Менскай і Віцебскай губэрняў тры камісыі па правядзеньні рэвізыі гэтых кніг, іх прашнуроўцы і закрэсьленьні пустых месцаў на лістах. Гэтыя кнігі былі падвергнутыя ў "заходніх губэрнях" другой рэвізыі ў 1842 годзе. З вынікамі працы гэтых камісый у выглядзе па-барбарску, нярэдка пасярод, прашнураваных актавых кніг дагэтуль сутыкаюцца дасьледнікі Віленскага дзяржаўнага архіва 17.

У губэрнях, што мелі дваранскае саслоўнае самакіраваньне, да канца расейскага праўленьня сустракаліся рэдкія спасылкі на тое, што ўносныя ў радаводную кнігу асобы "паходзяць з былой польскай шляхты". Нашчадкі польскіх родаў, хоць і зацьверджаных раней Герольдыяй, маглі быць унесены ў гэтыя кнігі толькі са згоды Дэпартамента Герольдыі. Са скасаваньнем саслоўных прывілеяў гэтыя спасылкі выяўна страцілі сваю практычную каштоўнасьць 18.

Tadeusz Perkowski. Legitymacja szlachty polskiej w prowincjach zabranych przez Rosję. Miesięcznik Heraldyczny, Nr. 5, 1938

Падрыхтаваў і пераклаў Ю. Лычкоўскі


1 Herbarz szlachty prowincji witebskiej. Kraków 1899.
2 Историко-юридическіе матеріалы XXVIII. Витебскъ 1900 стр. XV sq., 65, 99, 107, 127.
3 Kronika rodziny Weyssenhoffów. Wilno 1935. Str. 144 sq.
4 Полное соб. зак. XXII, 16.187.
5 С.А. Корф. Дворянство и его сословное управление за столетие 1762-1855 годов. С.-Петербург 1906. стр. 147—150.
6 Полное соб. зак. XXIII, 17.327; М. Яблочков, История дворянского сословия в России. С.-Петербург 1867, стр. 506; H. Mościcki. Dzieje porozbiorowe Litwy i Rusi. Wilno 1910. I, str. 286.
7 Полное соб. зак. XXII, 16.611.
8 Полное соб. зак. XXVI, 19.856, XXVII, 20.608.
9 Полное соб. зак. XXX, 22.873; Korzon. Wewnętrzne dzieje Polski za Stanisława Augusta. Warszawa 1897. I, str. 139. Корзан таксама згадвае пра ўказ ад 24 траўня 1818 году пра выдаленьне з радаводнай кнігі асоб, якія атрымалі прызнаньне ў дваранскай годнасьці на падставе мэтрык аб хросьце, сьведчаньняў прыватных асоб і "рэвіскіх казак", але адзначае, што не змог адшукаць гэты ўказ у зборы законаў.
10 Полное соб. зак. XXXIV, 27.014.
11 Korzon, l. cit., str. 115; Полное соб. зак. XXXIII, 26.108.
12 Второе Полное соб. зак. VI, 4869; H. Mościcki. Pod berłem carów. (Wysiedlanie szlachty na Litwie i Rusi przez rząd rosyjski) Warszawa 1924, str. 29-31; Korzon, l. cit. str. 139 sq.
13 Второе Полное соб. зак. VII, 5387.
14 Второе Полное соб. зак. VII, 5746.
15 Korzon, l. cit., str. 107 i 115 sq.
16 St. Dziadulewicz. Do artykułu p. Józefa Białyni-Chołodeckiego p.t. "O herbach Bemów i Bemów de Cosban". Rocznik Polskiego Towarzystwa Heraldycznego, VII. str. 231.
17 Второе Полное соб. зак. VIII, 6644; Историко-юридическіе матеріалы. Витебскъ 1871.
18 Список дворян... Подольской губернии. Каменец Подольский 1897.
* Тут ва ўказе, напэўна, маюцца на ўвазе пляны Платона Зубава аб надзяленьни чыншавай шляхты акупаваных раёнаў зямлёй ва ўнутраных губэрнях Імпэрыі.