Літоўскія татары

(Мусьлімы)

  • Старонка 1
  • Старонка 2
  • Старонка 3
  • Старонка 4
  • Старонка 5
  • Старонка 6
  • Старонка 7
  • Старонка 8

Ужо пад канец XIV стагоддзя татары сустракаліся ў Літве ў якасьці сталых жыхароў. Уяўлялі яны сабой выразна акрэсьленую этнаграфічную выспу, безь якой-небудзь наўпростай сувязі, безь якіх-небудзь адносін з матчыным ядром татарскага племя, што займае Заволскія і Чарнаморскія стэпы. Як яны далезьлі да Літвы, калі і як яны адлучыліся ад асноўнага ствала і апынуліся ў далёкім паўночна-заходнім краі? Хіба не дзіўна, што краіна, якая не адчула на сабе жудаснага татарскага пагрому, які ўзрушыў у першай палове XIII стагоддзя ўсю Русь, якая не выпрабавала сілы і жаху татарскіх нашэсьцяў, якая, можна сказаць, ніколі не чула пра татараў і ніколі іх не бачыла, раптам робіцца месцам іх селішча і пры гэтым у даволі значнай колькасьці. Прыхадні так моцна замацаваліся ў межах Літвы, што, нягледзячы на вельмі зьменлівыя шляхі свайго палітычнага лёсу, яны застаюцца тут і дасёньня, захоўваючы свой тып, сваю рэлігію, у нейкай меры і традыцыі, хоць родныя мову, парадкі і звычаі даўно ўжо пазабывалі. У атачэньні этнаграфічнага мора чужой славянскай і балцкай расы літоўскія татары, якія завуць сябе «мусьлімамі», не раствараючыся, аднак, у гэтым моры, утвараюць, як было сказана, этнаграфічную выспу, што выступае сярод яго хваль цягам пяці стагоддзяў. Такая велізарная іх энергія мімаволі прыцягвае ўвагу этнографа-дасьледніка, і з гэтага, перадусім, чыста навуковага пункту погляду, літоўскія татары заслугоўваюць адмысловага дасьледаваньня.

Гэтак, зь першага позірку атрымоўваецца заўважыць, што ў літоўскай дзяржаве татары адпачатку, а пазьней - пасля таго, як Літва далучылася да Польшчы, у польска-літоўскай дзяржаве, зьяўляліся прывілеяваным элемэнтам грамадзтва, бо былі амаль зраўнаваны ў правох з правячай клясай гэтых дзяржаў, г.зн. з баярамі і шляхтай. Гэта тлумачыцца тым, што яны лічылі сябе гасьцямі, не выяўлялі ніякіх прэтэнзій і імкненьняў да палітычнай незалежнасьці і не гулялі нейкай вылучнай ролі, і таму ўрады, у якіх было шмат праблем з русінскім пытаньнем, а потым з габрэйскім і дысыдэнцкім, бачылі ў татарах надзейны і верны элемэнт, і па гэтай прычыне не пазбаўлялі іх галоўным чынам (апроч некалькіх выпадкаў) свайго даверу і прыхільнасьці, узычаючы ім розныя правы і волі. Па паказаных прычынах гэта невялікая этнічная група ўяўляе таксама значны інтарэс і для гісторыка, зьяўляючыся вельмі цікавым дадатковым дасьледчым матэрыялам да гісторыі Літвы і Польшчы.

Генэрал Сулькевіч

Вядома, літоўскія татары, якія складаюць такі цікавы аб'ект для этнаграфічных і гістарычных дасьледаваньняў польскіх навукоўцаў, павінны абудзіць не меншую цікавасьць і на мусульманскім Усходзе, бо зьяўляюцца яго целам ад цела і крывёй ад крыві, чыю захавалі веру, і зь якім, як паказвае гісторыя, увесь час захоўвалі духоўны кантакт. Нават у нашу эпоху на чале высілкаў, скіраваных на адраджэньне мусульманскіх дзяржаў на руінах расейскага царызму, Крыма і Азэрбайджана, першыя ролі занялі менавіта літоўскія мусульмане, якія ўласнай крывёй змацавалі свае славутыя думкі, як, прыкладам, генэрал Сулькевіч, першы кіраўнік Рэспублікі Крым.

Першае знаёмства Літвы з татарамі варта аднесьці да часоў вялікага князя Гедыміна. Гэты ўладнік, пашырыўшы межы сваёй дзяржавы з далучэньнем зьмесцаванай далёка на поўдні Валыні, уступіў у просты судотык з плямёнамі, якія засялялі Чарнаморскія стэпы і ўваходнымі ў склад Залатой Арды. Плямёны гэтыя часта нападалі на паўднёвыя межы яго дзяржавы, бралі жыхароў у ясыр, і - наадварот, іншы бок плаціў ім "той жа манэтай", і так сама браў нявольніка, якога сяліў на спрадвечна літоўскіх землях.

Аднак гэта былі нязначныя памежныя спрэчкі. Гедымін, разумны палітык, ухіляўся ад наважных дзеяньняў і нават дамагаўся сяброўства і згоды з тады магутнай Ардой і яе ханам Узбэкам. Хоць хараджу не плаціў, спрабаваў зблізіцца з татарамі і нават неаднаразова запрашаў іх браць удзел у сваіх вайсковых паходах. Гэтак, прыкладам, у адной зь бітваў з тэўтонскімі рыцарамі ў 1319 годзе, як піша вядомы гісторык Каяловіч у сваёй Гісторыі Літвы (том I, стар. 248), бралі ўдзел і татары, якія нават займалі ў баявым шыхтаваньні адну з перадавых пазыцый.

Без сумневу, некаторыя з гэтых хаўрусьнікаў пасля сканчэньня кампаніі засталіся ў Літве і ва ўзнагароду за заслугі атрымалі пажыцьцёвае леннае права на зямлю. Паколькі гэта былі адзінкі, то яны хутка рассыціліся ў мясцовым насельніцтве, пра што сьведчыць цэлы шэраг прозьвішчаў, прызнаваных ужо ў сярэдзіне XIV стагоддзя за літоўска-русінскія, мелых тым не менш у самым гучаньні бясспрэчна ўсходнія карані (напр., Акшак, Берандзей, Кірдэй, Кіркор, Корсак і г.д.). Мусіла быць гэтых эмігрантаў нямала, бо зьвярнулі на сябе ўвагу францысканіна Лукаса Ваддынга (Lucas Wadding), які, апісваючы ў 1322 годзе ў сваіх «Annales» (том I, стар. 459) насельніцтва Літвы, адзначыў, што «на Літве ёсць скіфы, прыхадні з зямлі нейкага хана, якія ў малітвах скарыстаюць азіяцкую мову».

У часы наступных уладнікаў гісторыя неаднаразова згадвае татараў як гераічных хаўруснікаў Літвы, якія прымалі ўдзел у бітвах апошняй з яе суседзямі. Падчас паходу Кейстута ў 1350 годзе супраць польскага караля Казіміра Вялікага ў спрэчцы за Валынь і Чырвоную Русь яны бяруць удзел, як піша Т. Нарбутт у сваёй працы Dzieje starożytne Narodu Litewskiego (т. VIII, стар. 246), у якасьці атрада, пасланага ў дапамогу ханам Джамбэкам. Альгерд, высоўваючыся ў 1362 годзе на заваёву Падольля, меў, як піша гісторык Літвы Стрыйкоўскі, у сваіх шэрагах дружыну, што складаецца з тых татараў, якія асталяваліся ў Літве за Гедымінам. Мабыць, гэта ўжо была стабільная і надзейная сіла, бо вялікі князь не пабаяўся ўзяць іх з сабой у паход супраць братаньнікаў, якія тады валодалі Падольлем. У часы праўленьня Ягайлы ў літоўскай дзяржаве зьявілася шмат уцекачоў з войска хана Мамая, разгромленага на Куліковым полі вялікім князем Маскоўскім Дзімітрыем Данскім, у ліку якіх былі сын Мамая Мансур-Кіят і ўнук Лекса, пратапласты шляхетнага роду князёў Глінскіх, якія пасьля згулялі значную ролю ў гісторыі Літвы і Масквы. Год 1386, калі Ягайла здзяйсьняў хрышчэньне ва ўсёй сваёй дзяржаве, у сілу акалічнасьцяў паставіў мусульманскіх асаднікаў перад выбарам: або вяртацца за Волгу ў Арду, або станавіцца хрысьціянамі. Першы варыянт іх не вабіў: у Арду пры хану Тахтамышу пачаліся ўжо ўнутраныя звады, і гэта ўжо было пакаленьне, што вырасла ў Літве, народжанае галоўным чынам ад матак русінак-хрысьціянак, і якое, вядома ж, не магло быць прынята дбайным рэлігійным празэлітызмам, пры тым што адносін з Ардой яно ўжо не падтрымлівала і адчувала б сябе там чужым... Таму сталі яны хрысьціянамі, як галоўным чынам іх маткі і бабулі, грэцкага абраду. Такім чынам, усе татары, якія пасяліліся ў Літве ў 1316-1386 гадах, першыя, так бы мовіць, піянэры татарскай эміграцыі на літоўскія землі, цалкам рассыціліся ў масе мясцовага насельніцтва, страціўшы ўсе свае адметныя рысы. Зрэшты гэта звычайны лёс піянэраў і, калі яны памянуты тут, то толькі з пачуцьця абавязку гісторыка.

Тая татарская эміграцыя, сьляды якой засталіся дасёньня, адбылася ў пэрыяд праўленьня на Літве вялікага князя Вітаўта. У выніку сталых унутраных канфліктаў у Залатой Ардзе, якія яе моцна паслабілі, даволі значная колькасьць татараў самахоць імігравала ў дзяржаву Вітаўта, а той вялікі манарх браў іх на службу пры двары, надзяляў зямлёй, і карыстаючыся тым, што Алькаран не забараняў мусульманам уступаць у шлюбныя зьвязы з хрысьціянкамі, з натуральнай талерантнасьцю жаніў іх на ліцьвінках, пераадольваючы супраціў духавенства нават у тых выпадках, калі дзеці, якія народжаныя з такіх шлюбаў, выхоўваліся ў бацькавай веры, а не матчынай (параўнайце J. Jaroszewicz «Obraz Litwy» частка II, зноска 55).

Вялікая колькасьць нагайскіх татараў Вітаўт узяў у палон падчас экспэдыцыі ў 1397 годзе супраць Цімур-Кутлуга, князя нагайскага, які зрушыў з трона хаўрусьніка Вітаўта хана Тахтамыша. Тады выгнаны цар Кіпчацкі са сваёй сям'ёй, усім сваім дваром і маёмасьцю, атуліўся ў Кіеве, молячы пра дапамогу. Экспэдыцыя прайшла ўдала. Частка запалоненых была адпраўлена Ягайлу ў Польшчу, дзе без бавы, паводле слоў польскага гісторыка Длугаша, была пахрышчана; іншую частку, Вітаўт пасяліў галоўным чынам у навакольлі Трокаў і Вільні на рацэ Вацэ, узычыўшы ім поўную волю веравызнаньня і права падданства, чым, з аднаго боку, набываў у іх асобе адданых прыхільнікаў, гатовых заўсёды служыць яму душой і целам, зь іншай жа - падрыхтоўваў глебу для далейшай іміграцыі татараў, якія, дачуўшыся, што іх суайчыньнікі жывуць у Літве, як у сябе дома, маючы правы і прывілеі, захоўваючы сваю мову, веру і звычаі, надалей самахоць пераходзілі на службу да вялікіх князей літоўскіх. Гэтак, прыкладам, калі ў 1410 годзе наступіла гадзіна вырашальнага высьвятленьня адносін зьяднаных Польшчы і Літвы з выклятым ворагам, Тэўтонскім ордэнам, і абодва бакі шукалі паўсюль хаўруснікаў, Вітаўт зьвярнуўся за дапамогай да хана Цімура, які паслаў у дапамогу некалькі тысяч ардынцаў пад правадырствам князя Джэлал ад-Дына, старэйшага сына хана Тахтамыша. Гэтае войска брало ўдзел у памятнай бітве пад Грунвальдам, у якой, як вядома, была зьнішчана магутнасьць Тэўтонскага ордэна. Шчодра адораны ад-Дын з багатай здабычай па сканчэньню бітвы вярнуўся ў Арду, аднак частка яго ваяроў, што складае галоўным чынам колер татарскага рыцарства - князі, бегі, мірзы і ўланы, засталася ў Літве, атрымаўшы раскошныя зямельныя надзелы ў наднёманскім навакольлі і каля Горадні і Вільні, з абавязаньнем несьці вайсковую службу.

Татарскі вершнік

Паселеныя на Літве Вітаўтам татары спачатку падзяліліся на тры клясы - найвышэйшую клясу утварыла тая арыстакратыя, якая прыбыла з Джэлал ад-Дынам; яна лічыла сябе нашчадкамі туркаў-сельджукаў і глядзела пагардліва на найнізкія клясы, як і на розныя чарнаморскія орды; а, прыкладам, адзін з яе прадстаўнікоў безназоўны літоўскі татарын, аўтар датаванага 1558 годам складаньня пад назвай «Risalej tatari Lech» ("Трактат пра польскіх татараў"), у якім падаецца справаздача пра становішча літоўскіх татараў зяцю султана Сулеймана, напісаў: «мы дагестанскага племені, мы таксама не вандруем у сумётах, і не хістаемся па стэпах...» Другую клясу утварылі простыя жаўнеры заволскага паходжаньня, якія служылі ў харугвах тых князёў, мірзаў і бегаў, якія ў 1410 годзе пасяліліся ў Літве. І яны валодалі надзеламі зямлі, але не гэтак значнымі, як першая кляса, але й іхная значнасьць была менш. Да трэцяй клясы належалі не татары, а тыя нагайцы, паселеныя Вітаўтам на рацэ Вацэ ў 1397 годзе, якія першапачаткова адрозніваліся ад тых дзьвух клясаў па тыпе, мове і адзеньні, а часткова і заняткамі - паколькі не ўсе зь іх атрымалі зямлю, то былі змушаны заняцца гандлем і рамёствамі. Аднак з часам усе гэтыя адрозненьні паступова сьцерліся і сёньня нашчадкі арыстакратаў і шарашкаў складаюць ужо адну групу, у якой, згодна нядаўнім навуковым дасьледаваньням, этнаграфічных адрозьненьняў няма.

Гэтак адбылося першае засяленьне татарамі Літвы, нашчадкі якіх ужо не зьмяшаліся з мясцовым насельніцтвам і захавалі сваю ідэнтычнасьць. Гэта іміграцыя была самай шматлікай і стала ўласна асновай усёй татарскай грамады Літвы. Пра гэта піша ўжо памянёны аўтар справаздачы «Risalej tatari Lech»: «большасьць сем'яў» нашага роду пасяліліся тут у часы эміра Цімура; кароль Ляскі папрасіў у яго падмацаваньне супраць сваіх ворагаў, у выніку чаго эмір адправіў некалькі тысяч свайго адважнага войска, і калі яны здабылі перамогу, засталіся па просьбе караля ў яго ўладаньнях, былі абсыпаны ўсімі знакамі каралеўскіх літасьцяў, як то: зямельнымі ўладаньнямі, пышнымі каптанамі і багацьцямі. Імя ж таго караля, які быў свайго роду апорай, што падтрымвае іслам у краінах гяураў, - Віттад, і памяць аб ім захавалася да нашых дзён, таму штогод адзначаецца дзень, прысьвечаны вылучна памяці гэтага караля».

Пасьля сьмерці Вітаўта наймаладзейшы з братоў Ягайла, Сьвідрыгайла, хацеў разарваць зьвяз Літвы з Польшчай, падняў сьцяг паўстаньня супраць свайго брата і стаў шукаць дапамогу ў заволскай дзяржаве. Залатая Арда паслала шматтысячную падмогу пад правадырствам царэвіча Ахмата, аднак той, разабраўшыся ў становішчы на месцы, не захацеў дапамагаць мяцежніку і ўзурпатару і ў 1432 годзе з усім сваім фармаваньнем перайшоў на сталую службу да стаўленіка Ягайлы на вялікакняскі пасад Жыгімонта Кейстутавіча, брата Вітаўта. Татары войска Ахмата атрымалі па ўстоянай традыцыі зямельныя надзелы і грошы і папоўнілі першую і другую класы літоўскіх мусульманаў, а арганізацыйнае шыхтаваньне войска, паводле якога яно падзялялася на восем конных харугваў са старэйшынамі (харунжымі, маршалкамі і атаманамі) на чале, захавалася з тых часоў у якасьці нязменнай татарскай вайсковай структуры, што аб'ядноўвае ўсіх татараў - як самахоць прыбылых у даўнія часы, гэтак і тых, хто быў запалонены і ўзяты на парукі іх суродзічамі. Цягам XV стагоддзя лік мусульманаў працягваў расьці, бо кожная ўнутраная звада ў татарскіх землях прыводзіла да новай хвалі эміграцыі. У часы праўленьня Казіміра Ягелончыка, у пэрыяд распаду Кіпчака на ўдзельныя Казанскае, Астраханскае і Крымскае ханствы і паўсталых у выніку гэтага хваляваньняў, у Літве зьявілася вялікая колькасьць уцекачоў з-за Волгі. Сярод іх быў і Шыхмат з усёй сям'ёй, потым апошні кіпчацкі хан. Таксама, па-собску, як і разлад, што паўстаў у Крыме пасьля сьмерці хана Хаджы-Гірэя паміж яго шасьцю сынамі, выклікаў зьяўленьне ў Літве вялікага ліку крымскіх татараў з царэвічамі Нур-Даўлетам і Айдарам на чале, шукалымі сховішча ад свайго жорсткага брата Мэнглі-Гірэя.

У 1506 годзе нейкую колькасьць крымскіх татараў пасьля бітвы пад Клецакам захапіў князь Міхал Глінскі і рассяліў у розных мястэчках на Палесьсі. Тое ж самае зрабіў з запалоненымі ў 1508 годзе пад Вішняўцом князь Кастусь Астроскі, які пасяліў іх у сваім радавым Астрозе на Валыні. Гэтыя нявольнікі, узятыя на парукі супляменьнікамі, якія ўжо асталяваліся на Літве, атрымлівалі волю і права служыць вылучна за жолд, што давала ім пэўныя асабістыя прывілеі.

А якія прывілеі мелі прышлыя і самахоць аселыя татары? - спытае нехта...

Дык вось, кожны мусьлім значнага роду і «высакароднай крыві», як правіла, атрымваў у пажыцьцёвае леннае валоданьне вялікакняскую зямлю (пазьней каралеўскую - "круляўшчызну"), рабіўся падданым манарха і атрымваў званьне «татарын гаспадарскі» (менш значныя татары, жылі ў гарадох ці на прыватных зямельных уладаньнях, насілі адпаведныя назвы, прыкладам, «татарын мінскі, клецкі, пуньский" і да т.п., "татарын князя Радзівіла, князя Глінскага" і г.д.). Такі гаспадарскі татарын у першую чаргу спрабаваў атрымаць права баярства (пазьней - шляхецтва); наколькі род яго быў вядомы ў Літве па стасунках з Кіпчаком ці Крымам, пастолькі было лягчэй займець гэта права шляхам адмысловай дырэктывы ці пацьверджаньня манарха з указаньнем становішча роду ў старшынстве татарскіх родаў у Літве. Часта нават і гэтага не патрабавалася - усё развязвалася само сабою, і татарскі асаднік адразу набываў адпаведнае становішча і прызнаньне на сваёй новай радзіме і сярод супляменьнікаў. Аднак часам трэба было прайсьці легітымацыю перад камісіяй, у склад якой уваходзілі прадстаўнікі найслынных татарскіх родаў, прызначаныя манархам. Потым, атрымаўшы права шляхецтва, асаднік спрабаваў атрымаць які-небудзь зямельны надзел на правах вечнага валоданьня ("права вячыстае") з абавязаньнем сталай вайсковай службы за свой кошт. Такія падараваньні нашчадкі атрымальніка імкнуліся пасьля яго сьмерці дзеля большай упэўненасьці замацаваць шляхам новага манархавага пацьверджаньня. Гэта імкненьне перасьледавала глыбейшую мэту. А менавіта, згодна літоўскаму зямельнаму праву «гаспадарскія татары» маглі толькі валодаць і скарыстаць падараваную ім "на вечнасьць" маёмасьць, але не маглі распараджацца ім без адмысловага манархавага дазволу на правах уласьніка (то бок - прадаваць, дарыць, закладваць, мяняць і да т.п.). Дык вось, спрабуючы атрымаць цэлую сэрыю манархавых пацьверджаньняў, мусьлімы стваралі сабе нейкую падставу для абыходу гэтага права, дзеля магчымасьці ў выпадку яго парушэньня ўжываньня прынцыпу даўнасьці, што трактуецца як імі, гэтак і ўсім тагачасным грамадзтвам, трэба прызнаць, досыць непасьлядоўна. Напрыканцы XV - пачатку XVI стагоддзя пачаўся масавы продаж і перадача ў заклад такіх "вечных арэнд", часта з манархавага дазволу, а яшчэ часьцей - без... Манархі неаднаразова гэта апратэстоўвалі, пратэставалі аднак, як гэта бачна з тагачасных афіцыйных актаў, слаба і без запалу; што ж тычыцца грамадзтва ў цэлым, то яно, не паглыбляючыся ў юрыдычныя тонкасьці, зусім не рэагавала на такія незаконныя дзеяньні. Для суайчыньнікаў мусьлім шляхецкай крыві, які жыве многія пакаленьні на кавалку зямлі і, больш за тое, мелы цэлы шэраг пацьверджаньняў на гэту зямлю, быў яе законным уладальнікам і мог рабіць зь ёй што заўгодна. А калі пры ўздыме ў XVI стагоддзі эканамічнага і каланізацыйнага руху яшчэ атрымоўвалася камусьці зьдзейсьніць прыбытковую гандлёвую ўгоду з набыткам зямлі, перамогу атрымвала асабістая цікавасьць і часта вызначала вырашальную ролю ў гэтым пытаньні. Такім жа чынам купляліся і ў татараў іх ленныя землі, не пазіраючы ні на якія-кольвек пратэсты, правы і абмежаваньні, а таму за атрыманыя грошы яны маглі, быўшы зраўнаванымі ў правох са шляхтай, набываць дарагую куплёную нерухомасьць ва ўласнасьць, таму шмат хто з іх неўзабаве сталі ўладальнікамі нават буйных маёнткаў на поўным праве ўласнасьці. А калі наступіў 1569 год, год Люблінскай уніі, якая даканцова ўраўноўвала ўва ўсіх правох і прывілеях шляхту Польшчы і Літвы, а таму прызнавала ўсю зямельную нерухомасьць у Літве, што знаходзіцца ў валоданьні і набытую калі-кольвек раней і якім бы там ні было чынам, спадчыннай, вечнай і недатыкальнай, татарская шляхта выявіла сябе ўладальнікамі значных маёнткаў, якімі магла ўжо распараджацца безь якіх-кольвек абмежаваньняў, і атрымала права на валоданьне падданымі, якія дагэтуль працавалі на ленных землях і былі, па-собску, падданымі караля. Гэтак каралеўскія землі паэтапна перайшлі ў рукі мусьлімаў. Больш за тое, апошнія былі вызвалены, падобна польскай шляхце ад павіннасьцяў, збораў і падаткаў (з выняткам абавязковага для ўсіх ланавога па 2 грошы з лана), атрымалі права на будаваньне мячэтаў на сваіх землях і ўтрыманьне пры іх мулаў і духоўных грамад, як і татарскіх школ. Хоць яны і былі абавязаны несьці, як і калісьці, вайсковую службу, характар жа гэтай службы цалкам зьмяніўся: яна не выконвалася больш з пазыцыі «падданых гаспадарскіх» і васалаў, а з пазыцыі абароны меж Найясьнейшай Рэчы Паспалітай за гасьціннасць, хлеб і правы, якія давала сваім вольным абываталям мусульманскай веры. Пры гэтым у вайсковай галіне літоўскія татары карысталіся поўным самакіраваньнем: у іх былі свае палкі і ваявалі яны пад камандаваньнем сваіх ўласных камандзіраў, пры гэтым варта дадаць, што ўсімі вышэйзгаданымі правамі і прывілеямі карысталіся прадстаўнікі не толькі першай клясы мусьлімаў, якія неслі вайсковую службу па абавязаньнях зямельнага валоданьня, але і асобы, якія адносяцца да другой і трэцяй клясы, а гэта значыць дробныя земляробы і гараджане, калі яны жадалі служыць за жолд. У гэтым выпадку яны вызваляліся ад пагалоўнага і іншых павіннасьцяў, якімі не была абцяжарана шляхта, і за імі прызнаваліся годнасьць роду і заслугі, як і за тытульнай шляхтай, а найгодных даравалі, хоць нават і не аселых, пажыцьцёвым харунствам.

XVI стагоддзе зьяўляецца пэрыядам найвялікай колькасьці літоўскіх татараў. Па агульным прызнаньні, лічба 200000, прыведзеная аўтарам «Risalej tatari Lech», у якасьці колькасьці мусьлімаў у сярэдзіне названага стагоддзя, зьяўляецца завышанай, што будзе абгрунтавана ніжэй; зрэшты жыло іх тады ў польскай дзяржаве некалькі дзясяткаў тысяч, верных і адданых айчыне, якая іх прытуліла, што служаць ёй у ваенны час, па жаданьні, без прымусу, толькі па поклічы сваёй шляхецкай крыві, што цячэ ў іх жылах, і якія ў мірную гадзіну сумленна працавалі на самых сьціплых надзелах. У сваю чаргу Рэч Паспалітая, «улічваючы (у адпаведнасьці з тэкстам тагачасных прывілеяў) іх прыхільныя, працавітыя і адважныя рыцарскія заслугі і ўзорныя грамадзянскія ўчыннасьці», зраўнавала іх са шляхтай у сацыяльных, праўных і грамадзянскіх адносінах, адмаўляючы ім толькі ў палітычных правох шляхты, г.зн. у паседжаньнях на соймах і сойміках і занятку пасад, адпаведных рыцарскаму стану, як, зрэшты, адмаўляла ў гэтым і шляхце іншых вераньняў, і толькі іх рэлігія складала адрозненьне паміж літоўска-польскімі татарамі і шляхтай польскай: зрэшты адзеньне, мова, звычаі, пачуцьці, лад жыцьця і спосаб мысьленьня заўсёды былі агульнымі.

У апошняй чвэрці XVI стагоддзя, у эпоху каталіцкай рэакцыі, якая ставілася варожа супраць усяго, што не было каталіцкім, становішча татараў пачало зьмяняцца да горшага: яны страцілі некаторыя правы і нават сталі падпадаць рэлігійным перасьледам. У 1566 годзе ў Статуце ВКЛ (раздзел XII, артыкул 5) зьявілася наступная норма: "Уставуем, ижъ отъ того часу мѣти хочемъ, абы жидъ, татаринъ и кождый бесурмянинъ на достоенство а ни на который врядъ отъ насъ Господаря а ни отъ пановъ радъ нашихъ преложонъ не былъ и хрестіянъ въ неволи не мѣлъ." [«Пастанаўляем, і з гэтага часу жадаем мець, каб жыд, татарын і кожны басурманін ні на якія высокія пасады і ўрады ні намі, Гаспадаром, ні панамі нашых рад не прызначаліся і хрысьціянаў у няволі (г.зн. у падданстве) не мелі»]. Гэты артыкул захаваўся і ў Статуце ВКЛ у рэдакцыі 1588 года (раздзел XII, артыкул 9). Гэты ж артыкул Статута пагражаў спаленьнем на вогнішчы тым (іншаверцам), хто падбухторваў каго-кольвек да зьмены веры, пад пагрозай пакараньня сьмерцю забараняў шлюбы з хрысьціянкамі і забараняў, у канчатковым выніку, валодаць "круляўшчызнай" па дамове, таксама як будаваць і рамантаваць мячэты. У 1609 годзе татарскія кабеты сталі вінаваціцца ў вядзьмарстве; падобнага роду ды іншыя вінавачаньні шырыліся нават у друку. У 1616 годзе, сярод іншых, быў апублікаваны буклет нейкага Чыжэўскага пад назвай «Татарскі Аль-Фуркан, падзелены на сарок частак» поўны хлусьлівых у адрас татараў вінавачаньняў, заснаваных на розных прымхах і забабонах, і нават вінавачаньняў у злачынствах. Стан рэчаў пагаршала высокая напружанасьць у палітычных адносінах з Турэччынай, што рыхтавалася ў той час да вайны з Польшчай. Таму далейшыя абмежаваньні вынікалі адно за другім. У 1614 годзе падскарбіям з палявымі пісарамі было забаронена выдаваць грошы татарскім ротмістрам на камплектаваньне харугваў асабовым складам. У наступным годзе татарскім харугвам было забаронена мець супляменьнікаў на камандных пасадах, а таму былі абавязаны абіраць камандзіраў з хрысьціянскай шляхты. У 1616 годзе была паўторная забарона пад пагрозай сьмяротнага пакараньня за шлюбаваньне з хрысьціянкамі, як і ўтрыманьне у сябе хрысьціянскай чэлядзі. І, нарэшце, у 1620 годзе, у год аб'явы Высокай Портай войны, мусьлімы былі пазбаўлены права куплі маёмасьці і так сама, як замежнікам, ім было загадана прадаць куплёныя без дазволу ўрада маёнткі цягам дзьвух наступных гадоў. Татары спрабавалі бараніцца. У 1630 годзе ў друку зьявілася палемічная «Апалёгія» ("Apologia") пяра мусьліма Азюлевіча, якая, нягледзячы на лёгіку і переканальны запал, мала дапамагла. Прыгнёт татараў з боку езуітаў, падтрыманы самім каралём, пры абыякавасьці шляхецкай супольнасьці, што траціла патроху ідэі талерантнасьці ў пытаньнях веры, і несумнеўным заняпадзе польскага духу і адукацыі, працягвалася далей і рабілася ў занадта разагрэтай палітычнай атмасфэры настолькі нетрывальным, што прывяло ў гэты пэрыяд часу да значнай масы татарскай эміграцыі з Польшчы, і што зафіксавалі вынікі рэвізыі татарскіх маёнткаў, скончанай у 1631 годзе. Няздольныя замірыцца са становішчам спраў, Польшчу тады пакінулі найзнатныя роды, што праславіліся ўва ўсім татарскім сьвеце, такія як: Шырынскія, Багрынскія, Алчынскія, Пецігорскія, Аганскія і г.д. на чале з сем'ямі царэвічаў Пуньскіх, якія бяруць паходжаньне ад хана Іслам-Гірэя, і царэвічаў Астрынскіх, нашчадкамі апошняга кіпчацкага хана Шыхмата. Прыклад арыстакратыі ўзялі ніжэйшыя клясы - такім чынам тады эмігравала каля 20000 чалавек. Уся гэта маса адправілася ў Турэччыну, дзе яе частка, як паведамляе на падставе сваіх дасьледаваньняў літоўскі татарын Мацей Туган-Бараноўскі, пасялілася ў Дабруджы, іншая ж - у навакольлі Бурсы ва ўтоку ракі Кызылырмак, стварыўшы там асады, насельніцтва якіх яшчэ напачатку XIX стагоддзя перавышала 36000 душ абодвух полаў і адрозьнівалася ад мясцовага насельніцтва выглядам і ўбраньнем.

Тады ж многія слабей духам мусульмане прынялі хрысьціянства.

Пазасталыя на Літве мусьлімы (а засталося іх, прынамсі, яшчэ палова), узброіліся цярплівасьцю і чакалі прыходу лепшых часоў, спрабуючы ўчынкамі аспрэчыць распаўсюджваныя аб іх намовы і давесьці сваю адданасьць. Не жадаючы перш за ўсё адрозьнівацца ад мясцовага насельніцтва, сталі яны браць польскія прозьвішчы (з той пары ўсе сёньняшнія літоўскія татары носяць імёны, утвораныя або на літоўскі манэр са сканчэньнем на «іч», прыкладам, Азюлевіч, Александровіч, Ільясевіч, Хурамовіч і г.д., або на польскі манэр са сканчэньнямі на «скі» і «цкі», прыкладам, Крычынскі, Смольскі, Бараноўскі, Лаўчыцкі, Бучацкі, Паўтаржыцкі і г.д.), а таксама часта скарыстаць або спаланізаваныя імёны (напр., замест Іссуп - Юзэф, замест Мустафа - Стэпан і г.д.), або паўсюдна карыстаныя хрысьціянамі (напр., Міхал, Казімір, Мацей, Пётар і г.д.). Да таго ж яны прыклалі ўсе сілы, каб прадэманстраваць сваю пэўнасьць і грамадзянскую сталасьць на палях бітваў. І поле для гэтага ў іх было ў 1648-1658 гадох у пэрыяд казацкіх, маскоўскіх войн і швэдзкага нашэсьця, калі старонкі польскай вайсковай гісторыі зноў былі запоўнены імёнамі гераічных і адважных татарскіх ротмістраў і харунжых, нягледзячы на скарачэньне ліку татарскіх харугваў да шасьці. Гэтак, канстытуцыя 1659 года, прынятая парлямэнтам супраць дысідэнтаў, дыскрэдытаваных сваёй прыхільнасьцю да швэдзкага ўварваньня, выяўляе ўжо пэўную ўдзячнасьць літоўскім татарам і, нягледзячы на тое, што была скіравана супраць усіх іншаверцаў, замацавала за літоўскімі мусьлімамі, якія несьліземскую вайсковую службу, старыя прывілеі, што забясьпечвалі ім выплаты жолда са скарбу, як выплачваўся другім лёгкім харугвам. У 1662 годзе было адноўлена права, па якім гетманы маглі прызначаць пажыцьцёвае хорунства татарам, якія праславіліся на вайсковай службе, якім у 1667 годзе былі дадаткова гарантаваны воля веравызнаньня і абарона ад уціскаў. Аднак усе гэтыя палёгкі тычыліся толькі татараў-вайскоўцаў і не шырыліся на мусульманскае грамадзянскае насельніцтва, якое абавязана было плаціць усе падаткі, як нават больш найнізкія сацыяльныя пласты, па дукаце з кожнай асобы нягледзячы на пол і век.

Таму як не ўсе татары маглі служыць у войску, а грамада мусьлімаў у выніку колькісотгадовай вайсковай буры, што спусташала яе зямельныя ўладаньні, значна саслабла ў маёмасным пляне, яе матэрыяльнае становішча стала надзвычай цяжкім. Не ў стане даць рады гэтаму цяжару, каля 1670 года некаторая колькасьць татараў, з дзьвума амбіцыйнымі і запальчывымі ротмістрамі Крычынскім і Хайдаровічам на чале, ізноў эмігравала ў Турэччыну і ў 1676 годзе падчас новай вайны Турэччыны з Польшчай была змушана выступаць нават у ролі пярэдняй варты турэцкіх войскаў.

Толькі Ян Сабескі, дабачваючы крыўду, што наносіцца татарам, ды добра разумеючы небясьпечнасьць, якая па гэтай прычыне магла б пагражаць Польшчы з боку людзей у роспачы, шчасна вырашыў гэта пытаньне.

Поўная амністыя для эмігрантаў вярнула іх ва ўлоньне айчыны, а Сойм пад успрыманьнем моманту і моцным ціскам з боку караля ў 1678 годзе прыняў канстытуцыю, што ахапляла ўжо шырокія пласты польскіх мусульманаў, галоўным чынам амніставаных уцекачоў. Азначаная канстытуцыя, якая са строгай дакладнасьцю пералічвала ўсе татарскія волі, ува ўсім зраўнавала ўцекачоў з польскай шляхтай толькі з адзінай абмоўкай, што ім не дазвалялася ні на якой падставе і дамове валодаць "круляўшчызнай" і духоўнай нерухомасьцю, а таксама наймаць сабе хрысьціянскую чэлядзь, за выняткам бровараў і фурманоў. Вышэйзгаданая пастанова неаднаразова пацьвярджалася прывілеямі каралёў Аўгуста II у 1698 годзе, Аўгуста III у 1754 годзе і Станіслава Аўгуста ў 1778 годзе, і разам з гэтым соймавымі канстытуцыямі ў 1736, 1768, 1775 і 1786 гадах. Пры гэтым трэба сказаць, што яшчэ Сабескі, а за ім Аўгуст II, па ўласнай ініцыятыве спрабавалі яе абысьці ў зацікаўленьнях заслужаных татараў і зьмесцавалі шмат каго зь іх у "круляўшчызнах" на правох або пажыцьцёвых, або вечных арандатараў.

Пра апошнія тры вышэйназваныя рэзалюцыі Сойма дамэтна памянуць асобна, бо кожная зь іх пашырала межы правоў і прывілеяў, пададзеных татарам канстытуцыяй 1678 года. Гэтак, пастанова 1768 года дазваляла ім правіць мячэты, якія ужо шмат дзе ў якіх мясцовасьцях пакрывіліся. Апроч таго, дробных мусульманскіх арандатараў, раскіданых Сабескім і Аўгустам II па "круляўшчызнам", вырашана было арганізаваць і лепш забясьпечыць. Замест раскіданых кавалкаў зямлі ім было абяцана цэлых два староствы, па 10000 дукатаў прыбытку кожнае. Канстытуцыя 1775 года дазволіла татарам набываць і прадаваць розныя зямельныя ўгоддзі, мець хрысьціянскіх падданых, слугаў і чэлядзь абедзвюх полаў і будаваць мячэты ў прыватных і сталовых (г.зн. каралеўскіх) маёнтках безь якіх-кольвек перашкод.

Калі ж у 1786 годзе татары адмовіліся ад дзьвух старостваў, пададзеных ім у 1768 годзе, і прасілі, каб іх пакінулі на землях, дараваных каралямі навечна і пажыцьцёва, дзе ў іх знаходзяцца мячэты і магілы бацькоў, зь якімі яны не хочуць расставацца, тады Сойм усе іх уладаньні і арэнды, нават пажыцьцёвыя, перадаў ім на правох спадчыннай уласнасьці. У той жа самы час татарская шляхта пачала патроху займаць і найвысокія пасады ў войску.

Гэта аднаўленьне і нават пашырэньне сфэры дзеяньня татарскіх правоў і прывілеяў раз і назаўжды зьяднала лёсы літоўскіх мусьлімаў з Рэччу Паспалітай. З таго часу яны дзялілі зь ёй усе радасьці і нягоды. Яны, прыхільнікі Канстытуцыі 3 траўня, якая давала ім правы на ўдзел у парлямэнцкіх паседжаньнях і занятак пасад, падпалі ў 1793 годзе пад перасьлед таргавічан, а таксама страшнаму гвалту і зьдзеку з боку расейскіх войскаў (многія прыклады гэтага пакутніцтва прыводзіць тагачасны вядомы мэмуарыст Кітовіч); у 1794 годзе прынялі масавы ўдзел у паўстаньні Касцюшкі. Пасля апошняга падзелу Польшчы, нягледзячы на тое, што Расея імкнулася заваяваць іх прыхільнасьць, захоўваючы ім правы і прывілеі на грамадзянскай і вайсковай службе (указ Кацярыны II ад 20 кастрычніка 1794 года), і што ў 1797 годзе быў сфармаваны нават асобны татарскі полк, што атрымаў назву Пінскі, многія літоўскія татары адзначыліся ў легіёнах Дамброўскага, а пазьней у войску Варшаўскага княства.

Шако афіцэра 17 Літоўскага ўланскага палка Вялікага войска, 1813 г.

Пра дух, які панаваў сярод іх у 1812 годзе, у пэрыяд паходу Напалеона на Маскву, найлепей сьведчыць зварот таго часу, падрыхтаваны арганізатарамі адмысловага татарскага легіёна: Мустафой Ахматовічам, Ібрагімам Карыцкім і Самуэлем Уланам, імёны якіх былі пакрыты ў той кампаніі нязгаснай славай. Гэты зварот не прайшоў незаўважаным і больш за 1000 мусьлімаў апынуўся ў шэрагах войска, што ідзе на Маскву... І ў лістападаўскім паўстаньні 1831 года не мала з іх крывёй шляхецкай абрасіла палі Грохава і Астраленкі... А потым? Шмат каму здавалася, што літоўскія татары цягам ста гадоў адрэзаныя ад польскага жыцьця, русіфікаваныя, падпалыя хітрай палітыцы царскага рэжыму, не выстаяць. То адзін, то другі, са слабых па натуры, астываў да змаганьня, рабіў кар'еру, дома ўжываў рускую мову, у-аў!, нават праваслаўе прымаў.

Крыж палка беларускіх уланаў Войска Польскага, 1919-20 г.г.

Але гэта былі адзінкі, асноўная ж маса цьвёрда пільнавалася традыцый, трымалася і... трывала. І калі наступіла гадзіна вызваленьня, калі царызм упаў, а Літва скінула ненавісныя ёй путы, у агульным хоры ўскрослых адгукнуўся і голас літоўскіх татараў, адгукнуўся хораша і магутна. Напачатку 1919 года па дырэктыве польскага ўрада там было пачата фармаваньне татарскай самаахвотніцкай дружыны, а яе арганізацыі папярэднічала публікацыя звароту, складзенага групай слынных прадстаўнікоў мусьлімаў.

І гэты зварот займеў эфэкт. Літоўскія татары сфармавалі цэлы полк лёгкай кавалерыі, які прыняў самы актыўны ўдзел у пераможнай вайне з бальшавікамі ў 1920 годзе, супрацьстоячы лепшым варожым сілам - кавалерыі пад камандаваньнем услаўленага Будзёнага.

У наш час літоўскія татары, хоць і якія жывуць уперамешку з польскім, летувіскім і беларускім насельніцтвам, захавалі, аднак, апроч рэлігійнай ідэнтычнасьці і адмысловы ў пэўнай ступені этнічны тып. Гэты тып, які адрозьнівае іх ад атачальнага славяна-балцкага насельніцтва, вызначаюць некаторыя характэрныя рысы, уласьцівыя як нашчадкам арыстакратычнай клясы, гэтак і іншым літоўскім мусьлімам. Насамрэч сярод мусульманаў існуе перакананьне аб паходжаньні «блакітна-крэўных» князёў, мірзаў і бегаў ад полаўцаў зь перавагай арыйскай крыві, а нагайскай грамады - ад манголаў, але гэты пункт погляду не мае ніякага навуковага абгрунтаваньня; наадварот, антрапалагічныя дасьледаваньні давялі, што літоўскія татары маюць агульныя фізычныя характарыстыкі. Яны наступныя: будова цела сярэдняя і стройная, узрост пераважна сярэдні, скулы выступаюць, цёмныя і вузкія вочы, калі-некалі раскосыя, хораша пасаджаныя, валасяное покрыва ў мужчынаў даволі слабое, колер твару ў кабет асмуглы, памеры чэрапа падобны да такіх, як у заволскіх татараў. Што да іншых этнічных асаблівасьцяў, такіх як адзеньне, хатні побыт і абстаноўка, заняткі, склад думак і звычаі, то тут яны нічым не адрозьніваюцца ад карэннага насельніцтва, тым больш што, страціўшы ўсе аўтэнтычныя асаблівасьці хатніх і грамадзкіх паводзін, разам з гэтым страцілі і сваю мову. У XVI і пачатку XVII стагоддзя яшчэ можна было знайсьці сярод іх асоб, якія, прынамсі, маглі падпісацца па-татарску (як пра гэта сьведчаць дакумэнты таго часу), і ведалі некалькі радкоў з Алькарана ці малітваў на мове Прарока. Але такога роду асобы былі ўжо рэдкасьцю. Сёньня літоўскія татары могуць казаць і кажуць на мове карэннага насельніцтва ў залежнасьці ад іх сацыяльнага становішча, а менавіта: шляхта і землеўласьнікі, як і службовыя асобы, настаўнікі і суддзі - па-польску, а найнізкія пласты: дробныя земляробы, гароднікі, рамесьнікі, фурманы і да т.п. - па-польску і па-беларуску. Нават на надмагільлях месьцяць надпісы на мясцовай мове з даданьнем толькі некалькіх радкоў з Алькарана па-арабску. Вызнаюць іслам, хоць пад уплывам атачальнага іх хрысьціянскага асяроддзя ўжо амаль страцілі ўсе яго вонкавыя азнакі, што адрозьніваюць гэту рэлігію ад іншых. Амаль не зьдзяйсняючы паломніцтва ў Меку, не ўкараняючы веру Прарока, таму як празэлітызм, гэтак уласьцівы мусульманам, ім зусім чужы, адменных пастоў не выконваючы, што маюць іншае ўяўленьне аб раі, чым прававерныя, і, што самае галоўнае, якія строга прытрымліваюцца манагаміі, прытым прызнаючы сваю жонку кампаньёнам у жыцьці, а кабету ў цэлым - раўнапраўным чальцом грамадзтва. Натуральна, аб нейкіх гарэмах, зьняволеньні ў іх татарак, аб яшмаках і да т.п. рэчах, якія дагэтуль пашыраны на мусульманскім Усходзе, гаворка нават не йдзе, і, як бачна са шматлікіх дакумэнтаў далёкага мінулага, пытаньне аб становішчы кабеты было вырашана літоўскімі татарамі ў гуманітарным і эмансіпацыйным духу ўжо ў часы іх першых селішчаў у Літве. У той час яны часта складалі шлюбы з хрысьціянкамі, што дазвалялася Алькараном і Статутам ВКЛ і заахвочвалася манархамі насуперак перашкодам, спрычыняным каталіцкім духавенствам.

Татарскі Кітаб

Па-собску тыя шлюбы зрабілі ўплыў на цэлыя пакаленьні мусьлімаў; варта адзначыць, што для іх гэта важна перш за ўсё тым, што татары хутка забыліся пра сваю мову і гаварылі паміж сабой на славянскіх мовах, дзякуючы чаму неўзабаве перасталі разумець словы Алькарана, якія мусілі перакладаць на польскую (ці беларускую) мову і тлумачыць яго па-польску (ці па-беларуску) (рукапісы гэтых "польска-беларускіх" Кітабаў, напісаных арабскім вязьмом, у вялікай колькасьці дасёньня адшукваюцца ў Беларусі). Апроч таго, мусібыць, што мужыкам даводзілася прымаць сьветапогляд жонак-хрысьціянак, якія свае абавязкі, як кабеты і маткі, адразу здолелі скарыстаць з хрысьціянскай пазыцыі не толькі ў сваіх, але і ў зацікаўленьнях сваіх сястрыц-татарак. У побыце мусьлімаў адразу пачаў усталёўвацца хрысьціянскі парадак жыцьця, які вельмі хутка цалкам зьмяніў сямейныя адносіны да такой ступені, што татары, як мужыкі і бацькі, з пункту гледжаньня выкананьня сваіх сямейных абавязкаў, чалавечых пачуцьцяў і далікацтва ў абыходжаньні зь сямейнікамі, маглі былі быць і ставалі, як гэта часта бачна са зьместу розных старых тэстамэнтаў, запісаў і іншых старых актаў, прыкладам для многіх мужоў і айцоў хрысьціянаў яшчэ ў XVI стагоддзі.

Моляцца ў мячэтах, зьмесцаваных у кожным прыходзе. У наш час такіх прыходаў у Польшчы налічваюць да 20, і на чале кожнага зь іх знаходзіцца мула, абіраны вернікамі, зазвычай, зь ліку пажылых людзей і якія ведаюць, хоць неяк, арабскую мову або мелых ганаровую мянушку «Хаджы», атрыманую тымі, хто зьдзейсьніў паломніцтва ў Меку.

Мула выконвае абавязкі дваякага характару: зьяўляецца сьвятаром і суддзём-ураднікам. Як сьвятар, ён чытае малітвы, навучае і выконвае розныя духоўныя таемствы; як суддзя-ўраднік вядзе акты цывільнага стану, г.зн. мэтрыкі аб народзінах, сьмерці і шлюбу.

Што да колькасьці татарскага насельніцтва ў былым Вялікім княстве Літоўскім, то крыніцы даюць розныя лічбы. Паводле летапісу Стрыйкоўскага, колькасьць татараў, якія пасяліліся ў Літве ў часы Вітаўта, дасягала 40000 чалавек. Аўтар «Risalej tatari Lech», цытаванага некалькі разоў вышэй, у сярэдзіне XVI стагоддзя ацаніў колькасьць татараў у 200000 душ. Рэвізыя татарскіх маёнткаў 1631 года выявіла да 20000 мусульманаў абодвух полаў, зь якіх каля 800 сем'яў аселых на зямельных надзелах. Без сумневу, прыведзеная невядомым татарскім аўтарам лічба, моцна перабольшана, таму што такі скок у лічбах, як 200000 і 20000 цягам няпоўнага стагоддзя немагчымы. Ужо ледзь бліжэй адпавядае рэальнасьці лічба, прыведзеная Стрыйкоўскім. Калі ўспомнім, што да рэвізыі 1631 года больш за 20000 татараў пакінулі Польшчу, і калі дадамо гэту лічбу да вынікаў рэвізыі, то атрымаем 40000, то бок колькасьць, пададзеную Стрыйкоўскім. Зразумела, калі аднімем ад 40000 натуральны прырост цягам дзьвух стагоддзяў, прыкладна каля 30000 душ, то станецца, што колькасьць татарскага насельніцтва ў XV стагоддзі дасягала не больш за 10000 душ, што адпавядае таму, што было раней распаведзена аб татарскую іміграцыю ў Літву ў азначаным стагоддзі. Такім чынам, у зьмене колькасьці літоўскіх татараў маем наступныя этапы: 1) XV стагоддзе - 10000 душ; 2) XVI стагоддзе - вылічыўшы натуральны прырост пры жонках-хрысьціянках - 30000; 3) пачатак XVII стагоддзя - 40000; 4) прыканец XVII стагоддзя, улічваючы двухразовую эміграцыю ў Турэччыну і шматлікія выпадкі зьмены веравызнаньня, а таксама вялікія страты ў выніку войн падчас кіраваньня Яна Казіміра - не больш за 10000. Такім чынам, напачатку XVIII стагоддзя, па нашай думцы, у Польшчы налічвалася не больш за 10000 грамадзянаў мусульманскага спавяданьня. XVIII стагоддзе па прычыне вялікіх людскіх страт, якія панесла татарскае насельніцтва падчас падзелу Польшчы, дало надзвычай малы прырост. Тое ж самае можна сказаць і аб XIX стагоддзі, калі вялікая колькасьць мусьлімаў адышла ад ісламу, прыняўшы або каталіцтва, або праваслаўе, так што ўсерасейскі попіс 1897 году, які ахапіў усіх мусульманаў у Польшчы, Літве і на Валыні, г.зн. усіх літоўскіх татараў, выявіла ў агульнай складанасьці 13877 асоб абодвух полаў. Сёньня гэта колькасьць, улічваючы наступствы Першай сусьветнай вайны, безумоўна, не павялічылася, калі толькі не зьменшылася.

У выніку літоўскія татары ператварыліся ў малалікую этнічную групу, але варта прызнаць, што ўва ўсіх адносінах вельмі цікавую і годную.

На падставе S. Dziadulewicz. Herbarz rodzin tatarskich w Polsce, 1929.

Падрыхтаваў і пераклаў Ю. Лычкоўскі