Роля шляхты ў гісторыі

2. Саслоўныя і палітычныя свабоды шляхты

  • Старонка 1
  • Старонка 2
  • Старонка 3

На мяжы XVI і XVII вякоў Эўропа пачынае ўсё глыбей уваходзіць у пэрыяд сучаснага абсалютызму. Амаль па ўсім кантынэнце замірае ідэя саслоўнага самакіраваньня, ўзгадаваная ў мінулыя стагоддзі. Былыя саслоўныя соймы, тыя французкія etats généraux, нямецкія Landtag, гішпанскія картэсы, якія пры ўсёй сваёй вузкасьці кругагляду прадстаўлялі грамадзкі элемэнт ва ўрадзе, пераможаныя ў працяглай шалёнай схватцы з роднай манаршай уладай ці, як вугорскі і чэскі соймы, якія спыніліся ў развіцьці, параўнальна зьнішчаныя вонкавымі сіламі, - зьнікаюць са сцэны. Калі часам фармальна існавалі, іхнае жыцьцё было пазбаўлена ўсялякага сэнсу. Увогуле, станавіліся толькі ценьню прадстаўнічага воргана. Не маючы права прыняцьця пастановаў ні па воднаму пытаньню, яны маглі толькі слухаць ды ківаць. Іх склікаюць рэдка, часам раз у некалькі гадоў, ці ўвогуле не склікаюць. У Францыі, напрыклад, зьніклі ў 1614 годзе, і толькі напярэдадні вялікай рэвалюцыі, праз 175 гадоў, узьнікла спроба іхнага адраджэньня. У XVI стагоддзі францускіх каралёў называлі "reges servorum", г.зн. каралямі рабоў, замест "reges Francorum", а палітычныя пісьменьнікі таго часу, разважаючы над адрозьненьнямі паміж паняцьцяў "манарх" і "тыран", бачылі яе ў тым, што тыран не дапускае да галасаваньня "падданых" і ўсякія прадстаўнічыя ворганы "пужаюць яго, як сьвятло кажана". Саслоўныя соймы мруць без нашчадкаў, не стварыўшы форм уладкаваньня вярхоўнага праўленьня. Новая хада гісторыі ўсё больш групуе атрыбуты праўленьня вакол манаршай мантыі, каб урэшце сканцэнтраваць у руках аднаго чалавека, караля, усе рычагі ўлады і аддаць людскія згуртаваньні на зьневажальнае палітычнае нябыцьцё, дазвольць гэтаму адзінаму чалавеку казаць аб сабе: "Дзяржава - гэта я!". У XVII стагоддзі на кантынэнце амаль паўсюль ужо панаваў абсалютызм. Нікому непадсправаздачная і бяз усякіх праўных тармазоў разбэшчаная воля індывідыюма кіравала падлеглымі народамі і дзяржавамі быццам прыватнай уласнасьцю - гатай волі скараліся мільёны. Пераможны аўтакратызм зьнішчыў удзел згуртаваньняў у публічным жыцьці, тым самым у значнай ступені падрываючы іх зацікаўленнасьць ва ўсеагульным дабрабыце.

На Польшчы падзеі прынялі зусім іншы зварот. Разам з Ангельшчынай яна адна, а на эўрапэйскім кантынэнце адзіная, змагла ня толькі абараніць і ўтрымаць цягам усяго свайго дзяржаўнага існаваньня, але й разьвіць прынцып удзелу грамады ва ўладзе, атрыманы ў спадчыну з сярэднявечча. Як два супрацьлегла бягучых струмяні: сыстэмнае разьвіцьцё эўрапэйскага кантынэнту і сыстэмнае разьвіцьцё Рэчы Паспалітай. З аднаго боку, ля падножжа трону пануючага самаўладнага правіцеля выхоўваецца на доўгія вякі пакорлівы тып "падданага з абмежаваным умом". З другога, пры безупыннай перадачы ўладных правоў у рукі народу, ствараецца тып вольнага грамадзяніна, які свае суадносіны з дзяржавай вызначае поўным годнасьці, але што больш варта, слушным прынцыпам: "nil de nobis sine nobis" - "нічога з намі бяз нас". З пачатку XV стагоддзя польская шляхта зь нябылым імкненьнем разьвівае грамадзкія і палітычныя свабоды.

Чэрвіньскім прывілеем ад 1422 году шляхта набывае гарантыю недатыкальнасьці маёмасьці: адгэтуль кароль не можа нікога пазбавіць уласнасьці без судовага выраку. 1425 год прыносіць важнае права асабістай недатыкальнасьці, выказанае ў памятным асноўным законе: "Neminem ceptivabimus nisi jure victum", які гарантуе, што шляхціч можа быць зьняволены не іначай, як па правамоцным выраку суда, за выключэньнем выпадкаў пайманьня на гарачым учынку забойства, падпалы, крадзяжу ці гвалту. Гэты польскі "Habeas corpus", на многія стагоддзі апераджаючы разьвіцьцё прававых асноў на эўрапэйскім кантынэнце, які так дабрачынна выконваецца, што ніколі не паважыўся быць парушаным, Рэч Паспалітая пашырыла з часам на мяшчан (1791) і на габрэяў (1792). Прывілей 1588 г. забясьпечвае недатыкальнасьць хатняга ачагу, пастанаўляючы, што дом шляхціча не падлягае дагляду, нават у выпадку, калі там хаваецца злодзей. Без адмысловых дазволаў грамадзянін Рэчы Паспалітай мае свабоду стварэньня злучэньняў і свабодай выказваньня перакананьняў словам і пісьмова і ня можа якім-кольвек чынам уціскацца за погляд, выказаны аб публічных справах. Хто падаваў у суд на суграмадзяніна за выказваньні, нават ня дужа правамерных поглядаў, прыцягваўся да адказнасьці сам як парушальнік унутранага пакою і ўціскальнік грамадзянскіх свабод. Так званыя сёньня канстытуцыйныя прынцыпы: недатыкальнасьць асобы, ахова маёмасьці і хатняга ачагу, свабода аб'яднаній, свабода выказваньняў - прынцыпы, якія ў XIX стагоддзі дзе-нідзе пралівалі патокі крыві і якія здабываліся праз унутраныя гвалтоўныя ўзрушаньні, - былі ператвораны ў Польшчы ўжо ў XV і XVI стагоддзях і захаваліся да канца існаваньня Рэчы Паспалітай, у той час калі ў Эўропе панавала абуральнае бяспраўе.

Адначасова квітнеюць свабоды, шчыльна зьвязаныя з палітычнымі. Асновай для ніх стаў атрыманы ў 1454 г. у Нешаве "статут" караля Казіміра IV (Ягелоньчык), які абавязваў не выдаваць ні новых законаў, ані вайсковых выступаў без ухвалы ўсякі раз шляхтай, скліканай на земскіх сойміках. З тае пары шляхта атрымала дотык да заканадаўчае ўлады. З усякім разам усё больш крышталізуецца прынцып, які стане краевугольным камянём дзяржаўнага ўладкаваньня ў Польшчы, усё, што накладае абавязкі на грамаду, мусіць падлягаць папярэдняму ўзгадненьню зь ёй. З цьмянасьці, фармуючыхся такім чынам прынцыпаў, выбудоўваецца польская парлямэнцкая сістэма. У другой палове XV ст. рэгулярныя сумесныя сходы рыцарства з прыдворнай кароннай радай, ператвораныя ў вальный сойм, сталі з тае пары першарадным элемэнтам публічнага жыцьця, апошняе правядзеньне якіх прыпала на 1493 год. У 1505 годзе Сойм у Радаме атрымлівае юрыдычную падставу сваёй дзейнасьці і адначасова праводзе вялікую палітычную рэформу канстытуцыі: "Nihil novi constitui debeat per nos sine communi consensu conciliariorum et nuntiorum terrestrium" ("мы нічога новага ня вырашым - ручаецца кароль - толькі як з агульнае згоды Рады і земскіх паслоў").

Канстытуцыя "Nihil Novi", якая адгэтуль цягам трох бліжэйшых стагоддзяў па 3 траўня 1791 году будзе складаць аснову палітычнай сістэмы Польшчы, асьвечана заканадаўчым актам і ўпершыню выразна вызначае і замацоўвае прынцып, які на практыцы даўно ўжываўся. Прынцып, адпаведна якому закон не можа быць створаны адным чалавекам, каранаваным кіраўніком і начальнікам, але мусіць быць прыняты з удзелам шырокай грамадзкасьці таму, што ён з'яўляецца адпаведнай крыніцай нормаў, рэгулюючых грамадзкае жыцьцё нацыі, і нацыя павінна дазіраць гэтыя законы, якія ў асобах сваіх адлучных прадстаўнікоў вольным чынам і без прымусу палічыць неабходнымі. Перадаўшы заканадаўчую ўладу, якая да гэтуль належала земскім соймікам, вальнаму сойму, канстытуцыя 1505 году садзейнічала цэнтралізацыі заканадаўчае ўлады і адначасова шчыльнейшай згуртаванасьці і кансалідацыі нацыянальнай цэласнасьці. Увогуле яна стварае эпахальны факт нашай гісторыі, "падзеляе - па словах Бабкінскага ("Польскія соймы") - польскую сярэднявечную дзяржаву ад сучаснай", папярэдзьваючы, у той жа час, перыяд нашага найвышэйшага ўнутранага разьвіцьця, зыгмантаўскі перыяд.

Вальны сойм у Польшчы складаецца з сэнату (рады) і пасольскай ізбы (палаты дэпутатаў). Акрамя таго ў яго склад уваходзіць у якасьці асобнага суб'екта кароль, які ажыцьцяўляе таксама па сваёй сутнасьці вярхоўную выканаўчую ўладу і абавязкі галоўнакамадуючага ўзбройнымі сіламі. Аб'яднаньне тае каралеўскае ўлады з прадстаўнікамі народу ў супольную цэласнасьць існавала аж да найноўшага часу, акрамя Польшчы, толькі ў канстытуцыі Ангельшчыны. Прафэсар Бальцэр [Balzer] ("Польская дзяржава ў XV і XVIII стагоддзях") падкрэсьлівае, што ў час калі той ці іншы кіраўнік выступаў за ўцінаньне прадстаўніцтва, як асобнага і процістоячага яму элемэнту, польскі "хаўрус караля з соймам абмяжованы, нібы сучасныя манархіі", і што, калі сярэднявечны дуалізм зрабіў магчымым з цягам часу нараджэньне абсалютызму, у нас перашкодзіла гэтаму асабістае злучэньне караля з заканадаўчым целам у агульных рамках. У польскім сэнаце засядаюць разам з манархам сьвецкія і духоўныя сэнатары, у палаце дэпутатаў - шляхта ("рыцарства") і, прынамсі да пэўнага часу, у якойсьці ступені адносна - мяшчанства. Склад членаў пасольскае ізбы выбарны: шляхта выбірае "земскіх" паслоў на выбарных сходах, г.зн. сойміках, ваяводзкіх ці земскіх (павятовых), праз агульнае галасаваньне, гарады выбіраюць паслоў гродзкіх.

Польскі сойм зьяўляецца агульнадзяржаўным прадстаўніцтвам і найвышэйшым заканадаўчым сходам, пастановы якога былі абавязковымі да выкананьня па ўсёй краіне. Дзеля займеньня пастановамі юрыдычнай моцы была неабходна ўсеагульная згода абедзьвух палат і караля. Па асобным справам кароль захаваў, безумоўна са згоды сойму, уладу на выданьне асабістых пастаноў, што ніколі не было дасканала і сьцісла ўрэгулявана (Станіслаў Кутшэба [St. Kutrzeba] "Гісторыя дзяржаўнага ўладкаваньня Польшчы" ["Historja ustroju Polski"]). Ізба пасольская выконвала сваю частку законатворчасьці, сэнат толькі прымаў ці адхіляў пастановы, прычым абедзьве палаты ў вызначаных выпадках зьбіраліся на супольныя нарады. Праекты законаў уносіліся тронам, але зь імі мог выступіць і любы пасол. Паседжаньні сойму праводзіліся адкрыта, пры расчыненых дзьвярох, у прысутнасьці публікі ці "арбітраў". У сэнаце паседжаньне вёў кароль, у пасольскай ізбе - абіраемы зь яе складу маршалак. На ўвесь час правядзеньня сойму паслы і сэнатары былі недатыкальнымі і ўжывалі імунітэт ад судовых пераследаў: судовыя працэсы, якія адбываліся ў іх дачыненьні ў якіх-кольвек судах, падлягалі прыпыненьню незалежна ад атрыманай пастановы.

Арганічнай заганай сканструяванага такім чынам цела, якое ў выніку працяглай практыцы выпрабоўвалася рознымі, але толькі нязначнымі зьменамі, зьяўлялася скоўваньне паслоў "інструкцыямі" ад выбарцаў, і якіх са зьменнай стараннасьцю пільнаваліся ў розныя эпохі, што адчыняла шырокі шлях да месніцкага эгаізму, якое доўжылася да рэформы 3 траўня 1791 г. Тыя інструкцыі больш-меньш грунтоўна вызначалі, якую пазіцыю мусіць заняць пасол прынамсі ў дачыненьні да важнейшых надзённых пытаньняў, тым самым абдзяляя свабоду ягоных дзеяў. Але часам выбарцы, не абмяжоўвая свайго пасла, даручалі яму зрабіць так, як ён палічыць будзе правільна і карысна, ці выступіць салідарна з большасьцю. Пасьля сойму паслы павінны былі перад выбарцамі і на гэтак званых рэляцыйных сойміках несьці справаздачу.

Некалькі дзясяткаў ваяводстваў і "зямляў" захавалі шырокае самакіраваньне. Адказваў за гэта асобны заканадаўчы ворган у выглядзе гаспадарскіх соймікаў, на якіх шляхта вырашала разнастайныя мясцовыя адміністрацыйныя і скарбовыя справы, уводзіла падаткі на земскія патрэбы і зьбірала іх праз сваіх урадоўцаў, ваяводствы трымалі нават уласныя ўзброеныя сілы. Гэта былі нібыта малыя рэспублікі ў межых вялікай, якая з дапамогай цэнтральных уладаў і вальнага сойму яднала іх у адзінае цэлае. Калі цэнтральная ўлада падчас Саксонскай эпохі заняпаду амаль зусім скончыла існаваць і цэнтар цяжару ссунуўся на лякальныя самакіравальныя ўтварэньні, празмерны рост якіх пагражаў наўпростым распадам дзяржаўных сувязяў, Рэч Паспалітая стала падобнай на вольную фэдэрацыю такіх раз'яднаных паміж сабой рэспублік - ваяводстваў.

Але зрэшты - у прынцыпе, а па-за стогадовым перыядам разладу - і на практыцы так сама, усё дзярждўнае жыцьцё было падначалена вырашальнаму ўплыву вальнага сойму. Да сфэры ягонай дзейнасьці належалі наступныя кераўнічыя функцыі: выпрацоўка і ўхваленьне законаў абавязковых для ўсіх жыхароў, накладаньне розных цяжараў і дзяржаўных падаткаў, дазвол на біцьцё манэты, крымінальнае правасуддзе вышэйшай інстанцыі па справах выключнай важнасьці, кантроль дзейнасьці ўраду, нагляд над гаспадарствам дзяржаўным скарбам, каронныя і літоўскія падскарбовыя рахункі якога ўносіліся дзеля вывучэньня і зацьвярджэньня да асобнай соймавай камісіі, назіраньне за ўнутранай адміністрацыяй, атрыманьне справаздач ад паслоў да чужаземных двароў і вызначэньне кірунку замежнай палітыцы, санкцыянаваньне дамоў і хаўрусаў, урэшце такая важкая функцыя, як рашэньне аб аб'яўленьні вайны і заключэньне міру. Польскі манарх не меў магчымасьці па асабістай ці сямейнай матывацыі легкадумна распаліць ваенны пажар, бо важнейшае з правоў, права вымаць зброю, належыць толькі самому народу, які пакінуў за сабою права вырашаць вайна ці мір адпавядае ягоным інтарэсам. Гэта зьяўляецца велічэзнай кампетэнцыяй, значная частка якой не стала да цяперашняга часу ў такой ступені прэрагатывай ні воднага з сучасных парлямэнтаў.

Працяг будзе...

Polska encyklopedia szlachecka. T.1, 1935.

Пераклад Ю. Лычкоўскага