Шляхецкая геральдыка

  • Старонка 1
  • Старонка 2
  • Старонка 3
  • Старонка 4
  • Старонка 5

Геральдыка - навука пра рыцарскія знакі - мае даўняе і глыбока біялягічна матываванае паходжаньне. Усе жывыя арганізмы маюць генэтычна закадаванае даручэньне на здабычу ежы і ахову жыцьцёвай прасторы. Рэалізоўваецца яно або пасіўна, як у расьлін ці рыб праз бестурботную пладавітасьць, або праз пазначэньне тэрыторыі, адпуджваньне і адбіваньне жаданьня ў канкурэнтаў. Усевядомая звычка львоў пакідаць характэрны пах выдзяленьняў для ўказаньня меж сваёй тэрыторыі ці гукавое абвяшчэньне права ўласнасьці на частку гаю ці парка салаўямі. У людзей адным са многіх спосабаў пацьверджаньня ўласнасьці зьяўляецца выкарыстаньне знака ўладальніка - уладніка, роду ці проста прыватнага ўласьніка. Такімі знакамі былі пакладзеныя камяні, насяканьні на скалах, дрэвах, таўры, што выпальваюцца на шкуры жывёл. Ужывалі іх першабытныя плямёны, потым мяшчане, рамесьнікі, бортнікі, а таксама месцавалі на пячатках феадалы. І менавіта тыя, у характэрны для дадзенага ўладальніка спосаб пакладзеныя надрэзы, рысачкі і малюнкі, уяўлялі сабою прататып будучага герба.

Элітай грамадзтва ў пэрыядзе ўзьнікненьня сярэднявечных дзяржаў было рыцарства - сямейныя групы, якія валодалі ўласнымі тэрыторыямі і мелі абавязаньні перад уладнікам (князем) па выстаўленьні ўзброенага аддзела і ўдзеле ў бітвах. Ядром такога аддзела, радавой харугвы, былі рыцары - браняваныя, якія ваююць мячом, дзідай, окшай, на моцных конях і прыналежныя аднаму роду. Паколькі твар быў часткова ці нават цалкам закрыты шоламам, адметным гукавым знакам быў заклік, сямейны дэвіз, баявы кліч, візуальным жа знакам - прапорац з гербам разам з колерам і гербавымі элемэнтамі на ўборах, шаломах і шчытах. Апроч рыцараў у склад аддзела ўваходзілі конныя арбалетнікі, пешыя лучнікі, збраяносцы і чэлядзь - таксама ў гербавых колерах.

У разгар бітвы важна мець выразнае адрозненьне сваіх ад ворагаў. Пазначэньне ваяроў гэтак важна, што да яго было трэба ставіцца з усёй сур'ёзнасьцю і грунтоўнасьцю. Уласьніцкіх знакаў з маляваных рысачак стала недастаткова. На ўзбраеньні і харугвах зьявіліся знакі ў кантрасных колерах і ў пэўных, вядомых формах. Рыцары – як тыя каты, якія выгінаюць сьпіну і тапыраць поўсьць, каб запалохаць суперніка - месьцілі на шоламах жахлівыя ўбраньні, якія рабілі іх візуальна вышэй і люцей, палохалі варожых коней, а апроч таго былі бачны здалёку. Візуальным знакам блізкія галасавыя знакі - заклікі, прыпісаныя, як і гербы, да ваярскага аддзелу.

Рыцары былі элітай дзяржавы, з іх ліку князь ці кароль абіраў сваіх службоўцаў, ваявод, суддзяў. Толькі яны - апроч Царквы і манарха - мелі права валодаць зямлёй. Уяўлялі сабою стуленую, салідарную грамадзкую групу, што ўсьведамляе ўласную перавагу, вылучнасьць і сілу. Мелі пачуцьцё гонару і годнасьці, паводзіліся ў бітвах рыцарскім кодэксам. Цягам некалькіх сотняў гадоў рыцары атрымалі ўсе магчымыя прывілеі, прайшлі шлях, пачынаючы зь велізарных падатковых паслабленьняў, праз манаполію на духоўныя пасады, уласнае судаводзтва, вызваленьне ад мытных пошлін, і дашлі да liberum veto і выбару караля.

У Кароне Польскай і Вялікім княстве Літоўскім існавалі тры спосабы атрыманьня шляхецкага статусу: адопцыя, набілітацыя і індыгенат (ад фр. indigénat).

Адопцыя складалася ў прызнаньні нешляхціча за чальца роду і перадачы яму ўласнага герба. Знакамітая гуртавая адопцыя адбылася ў 1413 годзе ў выніку Гарадзельскай уніі, калі самыя ўплывовыя польскія роды перадалі свае гербы літоўскім магнатам. Аднак найчасьцей адаптавалі прыяцеляў, працаўнікоў, якія выявілі сябе на службе, верных і адданых падданых, баявых паплечнікаў, а часам і заможных мяшчан. Адопцыя стала гэтак пашыранай зьявай, што ў 1633 годзе яна была цалкам забаронена.

Набілітацыю, то бок наданьне герба і ўзвядзеньне ў рыцарскую годнасьць, здзяйсняў да 1578 года сам кароль (вялікі князь), пазьней - кароль пад кантролем сойма, і нарэшце, з 1601 года - сойм, то бок сама шляхецкая брація праз сваіх прадстаўнікоў.

Індыгенат палягаў ў дапушчэньні каралём і соймам двараніна-замежніка да шляхецкага саслоўя разам з прызнаньнем яго герба за польскі. Індыгенат быў у Рэчы Паспалітай рэдкасцю, за ўсю гісторыю дзяржавы дараваны быў няшмат больш за 400 разоў. Апроч адпаведных заслуг ад кандыдата патрабавалася прынясеньне прысягі на адданасьць Рэчы Паспалітай.

У адрозненьне ад іншых эўрапэйскіх дзяржаў, герб і іншыя прывілеі дараваліся не пэўнай асобе, а ўсяму роду на ўсе часы. Успадкоўваньне значна памножыла колькасьць шляхты. У XVIII стагоддзі яна складала амаль 10% насельніцтва, што ў некалькі разоў больш, чым у іншых дзяржавах Эўропы. Адначасна наставала моцнае эканамічнае расслаеньне, пачынаючы з уладальнікаў вялікіх латыфундый, а завяршаючы шляхецкай бяднотай без зямлі і прыбыткаў, якая гібее ў гарадох ці на службе ва ўплывовых спадароў. Аднак у 1505-1775 гадох шляхту злучала забарона на занятак гандлем ці рамяством пад пагрозай пазбаўленьня шляхецтва.

Герб сьведчыў пра бесперапыннасьць роду і прыналежнасьць да прывілеяванага саслоўя. Прозьвішчаў у сярэднявечнай Польшчы і ВКЛ не было, ужывалася злучэньне імя, месца паходжаньня і герба, напр. Ян з Лычкаў герба Траска. З часам такая форма ператварылася ў прозьвішча Лычкоўскі і адпавядала ўладальніку Лычкаў. Калі нашчадкі Яна ўваходзілі ў валоданьне іншымі надзеламі, то ад іх назвы бралі свае прозьвішчы, напр. Хойніцкі ад Хойны, Нагорскі ад Нагоркі, Альшэўскі ад Ольша - але ўсё герба Траска, усё з гэтага самага роду. Таму часам да аднаго герба і належыць колькі сотняў прозьвішчаў шляхецкіх сем'яў, якія ствараюць гіганцкі геральдычны род, з невялікай ступеньню сваяцтва ці без такога, але якія маюць агульны корань у старажытным мінулым і якія завуць сябе кляйнотнымі братамі. Паколькі прозьвішчы шляхты найчасьцей маюць тапаграфічнае паходжаньне, радзей ад мянушак, то яны могуць паўтарацца так часта, як часта сустракаюцца назвы вёсак, напр. Кавалі, Дуброва, Сокалы, Васілі і да т. п. Сыны аднаго бацькі маглі (і так часта здаралася) мець розныя прозьвішчы, якія паходзяць ад назваў прыналежных ім маёнткаў. Асоба магла таксама зьмяняць прозьвішча пры зьмене сваіх уладаньняў. Часам прозьвішчам рабіўся прыдомак (мянушка), аднак герб заставаўся тым жа.

Радавы ідэнтыфікацыйны знак, якім зьяўляецца герб, патрабуе дзяржаўнай юрыдычнай абароны. Усюды за межамі Рэчы Паспалітай гэтай мэце служылі адпаведныя ўстановы, зазвычай, герольдыі. Яны вялі рэестры гербаў разам з іх выявамі і апісаньнямі, а таксама прозьвішчамі ўладальнікаў, так званыя гербавыя скруткі. Службовец герольдыі - герольд - правяраў, напр. на рыцарскіх турнірах, карэктнасьць і легальнасьць скарыстаных гербаў. Гэта былі каралеўскія ўстановы, таму мелі высокі ранг і аўтарытэт. Герольдыі існуюць дагэтуль у краінах з манархічным парадкам. Польскія каралі здзейсьнілі недаравальную абмылу - не стварылі каралеўскай установы, якая рэгістравала б набілітацыі і індыгенаты, а таксама зьбірала б выявы гербаў разам з прозьвішчамі родаў, якім гэтыя гербы нададзены. Вынікам гэтага з'яўляецца фатальны стан польска-літоўскай геральдыкі. Выявы тысяч гербаў невядомыя. Тысячы шляхецкіх родаў ня ведаюць сваіх гербаў. Дваранства часта было і ёсьці даказальным ускосна, напр. займаньнем высокіх пасад і выкананьнем ганаровых функцый продкамі, валоданьнем маёнткамі, удзелам у соймах і сойміках, дакумэнтамі, у якіх прозьвішча ці імя з мясцовасьцю былі памянуты з дваранскім тытулам (generosus, nobiles, urodzony), адбіткамі пячатак ці афіцэрскімі дыплёмамі. Рэдка апынаюцца ў захаванасьці акты набілітацыі. Звычайным выпадкам зьяўляецца ўзнаўленьне забытых гербаў па захаваных рукапісных тэкстах, адбітках пярсьцёнкаў (стыгнетаў) на старых дакумэнтах, царкоўных роспісах і надмагільных скульптурах. Якасьць такой рэканструкцыі залежыць ад майстэрства правінцыйнага і часта дрэннага рамесьніка з далёкага мінулага.

Дваранства ў Польшчы, а пасля хаўрусу з Вялікім княствам Літоўскім - у Рэчы Паспалітай, ці, як сёньня прынята зваць, хоць і не афіцыйна - у Рэспубліцы Шляхецкай, было шчыльна злучана з уладаньнем зямлёй, г. зн. з гаспадаркай, сядзібай. Выняткі з гэтых правілаў, што адносяцца да найновай шляхты, былі рэдкімі і выяўна зазначаліся ў набілітацыйным дакумэнце. Найважным довадам шляхецкага паходжаньня роду зьяўлялася шматгадовая перакананасьць суседзяў у гэтым факце, падмацаваная шматлікімі сваяцкімі сувязямі ўсіх родаў у акрузе. Такая сёньня актуальная і ахоўваная ананімнасьць грамадзяніна (абарона асабістых дадзеных) выкідвала яго ў тыя часы за дужку шаноўнага кола абываталяў і рабіла немагчымай грамадзкую, палітычную, а часьцей нават гаспадарчую кар'еру.

Польская сістэма ўспадкоўваньня дваранства цягнула за сабой падзел бацькоўскай спадчыны паміж усімі дзецьмі, у выніку якога досыць вялікія зямельныя ўладаньні цягам стагоддзяў ператвараліся ў абрэзкі палёў. Гэтыя надзелы не давалі ані магчымасьці ўтрыманьня шматлікай сям'і, ані атрыманьня адпаведнай адукацыі і сродкаў на набыцьцё абсталяваньня, а таксама на падтрыманьне і выкананьне многіх дарагіх элемэнтаў шляхецкага ладу жыцьця. Памяць пра шляхетнае паходжаньне была старанна замацаванай, хоць і моцна сьціснутай перадусім, калі не вылучна, у сельскім асяроддзі, дзе сытуацыя суседзяў была падобнай, і гэта рабіла магчымай гуртавую танную з фінансавага пункту гледжаньня абарону ад страты тоеснасьці.

У адрозненьне ад суседскага прызнаньня, іншыя прыкметы шляхецтва (такія, як дакумэнты, гербы, пярсьцёнкі) лічыліся другараднымі, а часам проста лішнімі. Таму ў часы акупацыйных легітымацый, калі паўстала патрэба паданьня свайго даўно забытага герба, многія без разгубленасьці сумленьня паказвалі яго ў досыць адвольным выглядзе, не лічачы гэта правінай, а толькі маральна абгрунтаваным грэбаваньнем і сабатажам вымогаў акупантаў. Многія дыплёмы царскай герольдыі, што пацьвярджаюць дваранства роду, утрымваюць гербы, пра якіх ніколі не было вядома, не мелыя нічога агульнага з рэальнымі выявамі, і адшукаць якія з часам не ўяўляецца магчымым.

Нябытнасьць дзяржаўнай установы, што выконвае геральдычны кантроль, вяла да досыць шырокай волі выкарыстаньня гербаў. Строга выконваўся і кантраляваўся, як ужо адзначалася, перадусім сацыяльна, толькі сам факт шляхетнага паходжаньня. Яго візуальная абалонка стала патроху ігнаравацца, калі ўладаньне прозьвішчам стала правілам. Сустракаліся выпадкі самавольнай зьмены герба на іншай: зьмена выгляду і колера ці выкарыстаньне дадаткаў і выняткаў. Найчасьцей гэта былі нязначныя зьмены, выкліканыя жаданьнем вылучыць адну сям'ю, што належыць да таго ж гербу, ад іншай, якая жыве ў наўпростай блізкасьці, ці адзначыць адасобленасьць групы, што асела ў аддаленым кутку Рэчы Паспалітай. Такая зьмена, нідзе не зацьверджаная і не апісаная, пачынала ўяўляць сабою адменьнік герба; часта гэта зьмена герба атрымвала назву ад прозьвішча яго ўладальніка. Гэта зьява не разбівала спрадвечнага радавога адзінства, але памнажала колькасьць гербаў. Аднак па сканчэньні гадоў гэта першасная сувязь зьнікала.

Асноўных знакаў было каля 200, са зьменамі ж іх лік узрос звыш 5000 вядомых і невядомых, забытых ці вядомых часткова, напр. без колеру ці клейнода. Функцыю герольдыі і афіцыйных гербавых скруткаў прынялі на сябе аўтары гербоўнікаў, гісторыкі і энтузіясты геральдыкі. Першым польскім гербоўнікам зьяўляецца кніга Insignia seu clenodia Regni Poloniae Яна Длугаша (Jan Długosz) канца XV стагоддзя з 139 апісаньнямі і выявамі гербаў. Зь іншых розных крыніц вынікае, што Длугаш уявіў толькі невялікую частку існых тады гербаў. У XVI стагоддзі зьявіліся наступныя гербоўнікі: Gniazdo cnoty (Гняздо ўчыннасьці) і Herby rycerstwa polskiego (Гербы польскага рыцарства) Барташа Папроцкага (Bartosz Paprocki). Адносна поўнымі і даступнымі ў бібліятэках у выглядзе рэпрынтаў зьяўляюцца гербоўнікі ксяндза Каспэра Нясецкага (ks. Kacper Niesiecki) сярэдзіны XVIII стагоддзя і Адама Банецкага (Adam Boniecki) канца XIX - пачатку XX стагоддзя. Найболей поўнай складанкай гербаў зьяўляецца Księga herbowa rodów polskich (Гербавая кніга польскіх родаў) Юліюша Астроўскага (Juliusz Ostrowski) канца XIX стагоддзя, да шкадаваньня няскончаная. Аднак прыватная ініцыятыва на геральдычнай ніве не магла ў дастатковай ступені замяніць дзяржаўную ўстанову, хоць бы зь меркаваньня кароткасьці чалавечага жыцьця.

Герб мае пэўную структуру, заснаваную на гісторыі і ўжываньні.

Складаныя часткі гербаАсноўная частка герба – годла (эмблема). Яно паходзіць ад старажытных уласьніцкіх знакаў, пячатак, манаграм; падчас бітваў месьцілася на харугвах. У польскай геральдыцы годла звычайна ўяўляе сабою зброю (прыкладам, меч, страла), жывёл (леў, конь, алень, баран), сельскагаспадарчае абсталяваньне (падкова, грабы, серп), расьліны (ружа, дуб), нябесныя целы (маладзік, зоркі), элемэнты архітэктуры (брама, мур), крыжы ў розных варыянтах (кавалерскія, грэцкія, лацінскія) і - больш пашыраныя ў Заходняй Эўропе - геральдычныя фігуры: пасы, слупы, бэлькі, кроквы, кліны і іншае. Бываюць таксама часткі цела (ногі, рукі, галовы), манаграмы і многія іншыя выявы і прадметы. Годла павінна быць уяўленае графічна спрошчаным, стылізаваным, без пэрспектывы і ценяў. Часта гэтыя прынцыпы дзіўным чынам ігнараваліся. Гербы выконваліся вясковымі рамесьнікамі і, часам, каршак на шчыце выглядаў як курыца, падкова не адрозьнівалася ад маладзіка, а меч ад крыжа. Можна з зайздрасьцю глядзець на графічна дасканалыя нямецкія ці французскія гербы, але пры гэтым варта прызнаць, што ў польскай, трохі правінцыйнай геральдыцы, адсутнічае дамінаваньне формы над зьместам.

Годла павінна мець фон. У гербе фонам зьяўляецца тарча (шчыт) пэўнага колеру. Форма тарчы залежыць ад гістарычнага пэрыяду. Калі яна выконвала сваю абарончую ролю, на ёй быў намаляваны герб. Пазьней яна стала ўмоўным гербавым фонам, які напамінае шчыт, порамі ператвораны ў дэкаратыўны, мудрагелісты картуш ці проста маляўнічае поле. Таму істотная для ўяўленьня герба не форма тарчы, а яе колер і вертыкальныя, гарызантальныя ці косыя дзяленьні. У некаторых гербах сам колер тарчы ўяўляе сабою годла. Падзеленая тарча можа паўстаць у выніку змацаваньня гербаў. Палі падзеленай тарчы маюць пэўную чарговасьць, ступень шанаваньня, значнасьці. Вывучаючы апісаньні гербаў, варта помніць, што геральдычныя бакі тарчы паказваюцца з пазыцыі яе трымальніка, такім чынам, правы бок там, дзе зьмесцавана правая рука рыцара, які стаіць да нас тварам.

Правіла пабудовы складовага гербаСкладовыя гербы найчасьцей уяўляюць сабою генэалёгію пэўнай асобы. Асобныя палі ўяўляюць сабою гербы продкаў, і толькі цэнтральная тарча - пры яе ж адсутнасьці, верхняе правае поле - уяўляе радавы герб. Ужываюць такія гербы у якасьці надмагільных, у прыватных дакумэнтах, найчасьцей сярод арыстакратычных родаў. Такі герб належыць пэўнаму чальцу рода - памерламу, уладальніку дакумэнта ці нерухомасьці. Калі быў такі ў дыплёме пра наданьне арыстакратычнага тытула, быў спадчынным, хоць з кожным наступным пакаленьнем губляў сваю актуальнасьць.

Годла на тарчы – гэта самае простае, максымальна сьціслае ўяўленьне герба.

У геральдыцы лік колераў, то бок тынктураў, абмежавана мэталамі (срэбра і золата, то бок бель і жоўць), фарбамі (чырвань, блакіт, зелень, чэрнь, пурпур) і мяхамі (гарнастай, собаль, ласка). Да гэтых асноўных тынктур пазьней дадаліся: целавая, сталёвая, натуральная. Для перадачы колеру на пячатках, статуях, чорна-белых малюнках ужываецца ўмоўная графічная сістэма (шрафіроўка). Яе веды неабходны пры скарыстаньні старых гербоўнікаў.

На тарчу абапіраецца гелм (шолам) у кароне. У польскай геральдыцы форма гелма ў прынцыпе адвольная, толькі б быў закрыты. Карона - найчасьцей шляхецкага тыпу, г. зн. з трыма фляронамі і дзьвюма пэрлінамі. Правілы заходняй геральдыкі ў гэтым дачыненьні зьяўляюцца выразна рэглямэнтаванымі і вынятна строга ўжывальнымі. Таму некаторыя польскія гербы замежнага паходжаньня на месцы кароны маюць іншыя галаўныя ўборы. Рэдка ўжываюцца ранговыя кароны (баронскія - з сямю і графскія - з дзевяцьцю пэрлінамі), а таксама княскія мітры.

Ранговыя геральдычныя кароны

На гелме ў кароне знаходзіцца клейнод. Гэта тая частка герба, якая была замацавана на вяршыні рыцарскага шолама, бачная здалёку, якая моцна ўзвышае постаць ваяра, а таксама ідэнтыфікуе яго, нягледзячы на закрытае забрала, застрашвалая суперніка і пужалая яго каня. Клейнод часта паўтараў годла на тарчы, калі-некалі месьціўся паміж рагамі ці крыламі; часам зьяўляўся старым, некарыстаным ужо годлам, ці фігурай, якая згадваецца ў радавой легендзе. На многіх гербах клейнодам зьяўляецца пук паўлінавых пёраў ("паўлінавы хвост"), што ўласьціва вынятна польскай геральдыцы, ці страусавыя пёры ў пэўнай колькасьці (пераважна, тры ці пяць), найчасьцей срэбныя (белыя). Некаторыя гербы не маюць клейнода, кароны ці гелма.

Дэкаратыўным, неабавязковым элемэнтам герба зьяўляюцца лябры (намітка), ці пераўтвораная ў раскошную, з часткова ці цалкам сімэтрычным арнамэнтам, хустку, што пакрывае гелм, і якая спрадвечна служыла для абароны ад пякучага сонца, была асабліва эфектыўнай пры змочваньні. Гэты невялікі, але карысны абрэзак тканіны ператварыўся ў дэкаратыўнае апраўленьне герба, разросься і атачыў тарчу, перасягаючы сваёй агрэсіўнасьцю і багацьцем галоўныя элемэнты. Колеры лябраў залежаць ад колеру герба; верх адпавядае колеру тарчы, ніз - мэталу годла ці яго найважнай часткі. Пры тарчах, падзеленых напалам вертыкальна (ці па гарызанталі), колеры лябраў правага боку адпавядаюць правай (ці верхняй) частцы тарчы, лябры ж левага боку – левай (ці ніжняй). Калі тарча падзелена на большую колькасьць частак, строгіх правілаў па вызначэньні колеру лябраў не існуе. Некаторыя гербы маюць апісаньне лябраў у набілітацыйных дакумэнтах і тады іх колеры могуць не адпавядаць правілам.

Да ўпрыгожаньняў герба належаць таксама трымачы (пахолкі) (звярыныя, чалавечыя ці мітычныя фігуры, што трымаюць тарчу), плашчы, падбітыя футрам што хаваюць герб, дэвізы на тальмаху пад гербам. Гэтыя вынаходзтвы надаваліся гербу асобнымі дыплёмамі як авысакароднасныя дадаткі да старога герба, найчасьцей разам з наданьнем арыстакратычнага тытула.

Асобнага згадваньня патрабуе пэрыяд, калі Рэч Паспалітая была выкрасьлена з палітычнай мапы Эўропы.

У жніўні 1772 года Расея, Прусія і Аўстрыя здзейсьнілі першы падзел Рэчы Паспалітай. Звыш адной траціны насельніцтва і амаль адна траціна плошчы перайшлі пад ўладаньне суседніх манархій. Працэс зьнішчэньня Рэчы Паспалітай, ці Рэспублікі Абодвух Народаў, магутнай ў гады кіраваньня Пястаў і Ягелонаў дзяржавы, доўжыўся да 25 лістапада 1795 года, калі пасля трэцяга, даканцовага падзелу, кароль польскі і вялікі князь літоўскі Станіслаў Аўгуст Панятоўскі (Stanisław August Poniatowski) адмовіўся ад трона. За гэтыя 23 гады забіцьця Рэчы Паспалітай паўстала шмат новых гербаў польскай і літоўскай шляхты. Тады ж у Вене, Бэрліне і Пецярбургу тры замежныя манархі ўсталявалі правілы праверкі сацыяльнага статусу новых падданых.

На 725 000 км2 былой Рэчы Паспалітай пражывала каля 12,5 мільёнаў жыхароў, зь якіх каля 1,2 мільёна былі шляхтай.

Шляхецкае саслоўе, якое стагоддзямі абапіралася на сваю сілу і незалежнасьць, якое здабывала сабе ўсе даступныя прывілеі, з моманту пераходу пад чужое панаваньне цалкам страціла свой статус. Яго праўнае становішча было несуцяшальным. Паколькі ў Рэчы Паспалітай, як ужо адзначалася вышэй, не існавала якога-кольвечы дзяржаўнага інстытута, што рэгіструе шляхту, пацьвердзіць саслоўную прыналежнасьць было часьцяком вельмі цяжкай справай. Бедная шляхта - а такой было пераважная большасьць, асабліва ў Мазовіі, Падляшшы і Літве, а таксама на поўдні Польшчы - мела да дакумэнтаў пагардлівае і нетрывальнае стаўленьне, што паказаў Міцкевіч у «Пану Тадэвушу». Невялікія драўляныя двары часта гарэлі, як і сядзібы парафіяльных архіваў. Польская геральдычная спэцыфіка, што замацоўвае за адным гербам шматлікія роды, прывяла да таго, што гербы перасталі быць адметным знакам сям'і. Таму пра іх часта зусім забывалі. Стыгнетамі, хутчэй рэдкімі ў «шляхты ўбогай», карысталіся досыць нязмушана, пазычаючы іх суседзям ці ў суседзяў у выпадку судовай ці іншай афіцыйнай патрэбы, не клапоцячыся пра адпаведнасьць адлюстраваных на іх гербах свайму.

Мапа падзелу Рэчы Паспалітай у 1772-1795 гадох

Дамінантныя манархіі былі далёкія ад дэмакратычных свабод Рэчы Паспалітай; іх дваранства было фармалізаваным, яго шляхетнае паходжаньне было пацьверджана дакумэнтальна і зацьверджана адпаведнымі афіцыйнымі інстытутамі. Нават жаданьне новых уладароў замірыць каранёвае па значнасьці саслоўе акупаванай тэрыторыі не магло пацягнуць зьмены асноўных юрыдычных прынцыпаў, што арганізуюць эліту дзяржавы.

Пасля акупацыі польская і літоўская шляхта стала шляхтай няіснай дзяржавы, з сумнеўнай, альбо непацьверджанай афіцыйнымі дакумэнтамі, аўтэнтычнасьцю. Варта ўспомніць, што ў Рэчы Паспалітай індыгенат узычалі вельмі неахвотна, а довад замежнага дваранства патрабаваўся вельмі старанны. У гэтай сувязі вымогі акупацыйных улад да новых падданых здаюцца зразумелымі і абгрунтаванымі. Праблема ж складаецца ў выкарыстаньні гэтых працэдур для дыскрымінацыйных і палітычных мэт. Даведзенае паходжаньне не забясьпечвала аднаўленьне ранейшага сацыяльнага статусу.

Акупацыйныя ўлады выкарысталі вельмі падобныя крытэры верыфікацыі: набілітацыйныя дыплёмы (акты), займаньне пасад, землеўладаньне, афіцэрскія дыплёмы, амбасадарскія функцыі. У цэлым, выкананьне адной з гэтых умоў было досыць. Сапраўдная цяжкасьць палягала ў тым, каб дакумэнтальна пацьвердзіць бесьперапыннасьць пакаленьняў.

У розных акупацыях пытаньні верыфікацыі дваранства разьвязваліся па-рознаму.

У прускай акупацыі легітымацыя была самай ляяльнай па прычыне відавочнага адрозьненьня дваранства ад астатняга насельніцтва як ва ўзроўні дастатку і адукацыі, гэтак і ў ладзе жыцьця. Працэдура была простай і ўжыцьцяўлялася прафэсійным службоўцам. Аднак прыналежная да заможнага слоя шляхта, абавязана была, у той ці іншай форме, падпісваць васальныя або ленныя лісты, дэкляруючы сваю ляяльнасьць у дачыненьні новага ўладніка. У сумнеўных выпадках вынікала давесьці, што сям'я, прынамсі апошнія сто гадоў, прызнавалася шляхецкай, што было раўназначна атрыманьню дваранскага сьведчаньня. Перавагай было ўладаньне вядомым, прызнаным гербам, што падчас легітымацыі зьвяло да мінімуму падаваньне гербавых адменьнікаў, якія ў прускай акупацыі не мелі такі масавы характар, як у астатніх. Тэрыторыі зь вялікай колькасьцю дробнай шляхты ў Мазовіі і Падляшшы не пасьпелі трапіць пад прускую легітымацыю ў зьвязку з іх пераходам пасля 1807 года ў склад Варшаўскага княства, а потым пад юрысдыкцыю Расеі.

У аўстрыйскай акупацыі - вельмі густанаселенай, зь вялікай доляй здробненых зямельных уладаньняў - легітымацыя працягвалася доўгія гады і не ахапіла ўсёй сукупнасці шляхты. Створаная з гэтай мэтай адмысловая камісія, складзеная з пяці выбітных прадстаўнікоў арыстакратыі, сталася малапрыдатнай і з 1782 года легітымацыяй пазаймаліся гарадзкія і земскія суды, а з 1783 года Аддзел Саслоўяў Галіцыйскага сойма - установа, якую з 1788 года ўзначаліў губэрнатар Галічыны. Аддзел вёў велічныя кнігі, або т. зв. шляхецкія мэтрыкі. З 1817 года прызнаньне прыналежнасьці да шляхты было выразам літасьці імпэратара. Выпадкі страты радавых гербаў у гэтай акупацыі было частай зьявай, таму прысутнічае вялікая колькасьць зьмененых гербаў, пададзеных пры легітымацыі, выявы якіх заснаваны на вусных радавых легендах. Нашчадкі сэнатараў, ваявод, гетманаў і высокапастаўленых службоўцаў Рэчы Паспалітай мелі права прэтэндаваць на графскі тытул. Тытул барона надаваўся нашчадкам земскіх службоўцаў. Атрыманьне тытула патрабавала досыць высокай аплаты і залежала ад прызнаньня імпэратара. Гэта было злучана з наданьнем новага герба ў адпаведным шляхетным апраўленьні. Значная частка польскай арыстакратыі зьяўляецца выхадцамі з гэтай акупацыі таго пэрыяду, бо толькі там атрыманьне тытула залежала ў вялікай ступені ад былых заслуг продкаў.

Расея захапіла звыш 60% плошчы Рэчы Паспалітай, на якой пражывала амаль палова насельніцтва. У гэтай акупацыі ў большай ступені навочна выявіўся палітычны характар легітымацыі шляхты, асабліва на тэрыторыях былога Вялікага княства Літоўскага і Валыні. Легітымацыю праводзілі Дэпартамент герольдыі Ўрадаўнічага Сэната і Герольдыя Польскага Каралеўства (1836-1861 гады) праз губэрнскія дваранскія дэпутацкія сходы. Частка шляхты, найбольшая, якая не валодала зямлёй, была прылічана да статусу сялян або мяшчан. Зьявіліся таксама новыя саслоўныя сурагаты - "аднадворцы" і "вольныя хлебаробы". У гэтай акупацыі зьявіўся найвялікі лік гербаў беспадстаўна ўзятых з гербоўнікаў або зьмененых. Дваранскія дэпутацкія сходы на тэрыторыях былой Рэчы Паспалітай, у якіх дамінавала літоўская шляхта, былі прыхільна стаўлены да спашукальнікаў, а расейскія ўлады не надавалі значэньня гербам, бо гістарычна расейскае дваранства было «бязгербавым». Легітымацыя доўжылася аж да 1917 года.

У гэты пэрыяд зьяўляюцца новыя гербы, уяўлялыя сабой варыянты вядомых, адзіным аргументам існаваньня якіх зьяўляюцца дыплёмы царскай герольдыі. Для многіх родаў яны сталі адзіным дакумэнтальным пацьверджаньнем радавога знака.

Значную колькасьць гербаў пэрыяду акупацыі складаюць гербы, злучаныя з наданьнем або пацьверджаньнем арыстакратычнага тытула. Уладальнікі вялізных маёнткаў, раскіданых па ўсёй тэрыторыі былой Рэчы Паспалітай, імкнуліся падмацаваць свой прэстыж тытулам графа або барона. Пацьверджаньне тытула патрабавала праходжаньня працэдуры ў кожнай з акупацый асобна. Па гэтай прычыне многія арыстакратычныя роды маюць некалькі вэрсій сваіх гербаў зацьверджаных у розных акупацыях.

Найвялікі лік новых гербаў у 1772-1918 гадох зьявіліся ў выніку атрыманьня набілітацыйных актаў прадстаўнікамі нешляхотных саслоўяў. Усе імпэрыі ўжывалі ў гэтай частцы падобную палітыку і прынцыпы. Набілітацыі ганараваліся афіцэры і службоўцы за пэўную выслугу гадоў (у кожнай акупацыі былі свае нарматывы) у адпаведным рангу. Дваранства набывалі таксама пры атрыманьні пэўных ордэнаў і ўзнагарод, асабліва вайсковых.

Апроч таго манархі даравалі дваранства людзям, якія займелі заслугі перад дваром, дзяржавай і грамадзтвам. Зазвычай падобныя набілітацыі суправаджаліся наданьнем арыстакратычнага тытула.

Выпадкі наданьня графскіх тытулаў папскім тронам за дабрачынную дзейнасьць і заслугі перад Касьцёлам у той пэрыяд былі зьявай досыць рэдкай і на павелічэньне гербавай масы ніякага ўплыву не аказвалі.

Адменную групу гербаў уяўляюць набілітацыі і тытулы Французскай Імпэрыі. Многія афіцэры двух польска-літоўскіх легіёнаў войска Напалеона Банапарта за свой вайсковы гераізм сталі кавалерамі, баронамі і графамі Імпэрыі. Канструкцыю гэтых гербаў характарызуе пэўная ідэалягічная неадпаведнасьць - гелмы ў кароне заменены на рэспубліканскія, антыманархічныя бэрэты. Тады ў Варшаўскім княстве прайшлі набілітацыю некалькі асоб. Набілітацыі і тытулы Французскага Імпэратара пасля Венскага Кангрэса былі неаднаразова пацьверджаны новымі ўладнікамі. Аднак нярэдкі выпадкі вяртаньня іх уладальнікамі або нашчадкамі сваіх старажытнейшых радавых гербаў.

Поўнасьць зьвестак аб набілітацыях, якія праводзіліся ў розных акупацыях, вельмі адрозьніваецца. Нешматлікі, што зьяўляюцца неадымнай часткай геральдычнай спадчыны Германскай імпэрыі - новыя прускія гербы. Вядомы зьвесткі аб большасьці аўстрыйскіх набілітацый. Гэта акупацыя мела сваю адмежаваную адміністрацыйную адзінку ў выглядзе Каралеўства Галічыны і Ладамерыі, архівы якой таксама захаваліся і былі апублікаваны.

Горшай уяўляецца сытуацыя з расейскай акупацыяй. Вялікая частка архіва Польскага Каралеўства падчас II Сусьветнай вайны згарэла ў Варшаве, а пецярбурскі і губэрнскія архівы ў пэрыяд існаваньня СССР былі недаступны для дасьледнікаў і дасёньня чакаюць сваіх адкрывальнікаў.

Ю.Лычкоўскі

Літаратура: T. Gajl. Herbarz polski od średniowiecza do XX wieku - Wstęp