Герб Суліма

Герб Суліма
  • Герб Суліма

    Іншыя назвы: SULIMA, SULIMITA, SOLIMA, OPORÓW, SLOMFF
    Баявы кліч: СУЛІМА!
    Найранейшае ўзгадваньне: 1397 г.

  • Блазон
  • Гісторыя
  • Прародзічы
  • Карыстальнікі

Апісаньне герба

Svlima. Que aquilam nigram, cuius pedes et extremas partes corporis tres lapides quadri, proporcionaliter distincti, tegunt, in campo rubeo defert.

Jan Długosz, Insignia ..., nr 115, s. 70

Суліма. Які [герб] арла чорнага, якога ногі й ніжняя частка цела трыма камянямі чатырохкутнымі, прапарцыйна раскладзенымі, засланёныя, у полі чырвоным выяўляе.

З польскага пераклада Дануты Шоп (Danuta Szop).


Герба таго тарча ў шырыню на дзьве часткі падзеленая, на верхнім надзеле паў-арла чорнага ў жоўтым полі, з крыламі разгорнутымі, з пысай улева тарчы абярнутай; у ісподзе жа тры камяні ў чырвоным полі. На прылбіцы з кароны паў-арла чорнага такога, як на тарчы.

Kasper Niesiecki, Herbarz, t. VIII, s. 562


(...) у полі чырвоным пад верхнім срэбным, у якім арляня чорнае выскоквае, тры камяні залатыя ўроскід. Прылбіца з лябрамі з пакрыцьцём з правага боку срэбным зь левага чырвоным, а падбіўкай мабыць чорнай. Кляйнод: арляня чорнае, што выскоквае.

Józef Szymański, Herbarz, s. 263


Тарча падзелена на чатыры часткі, у верхняй правай - дзьве паласы, у верхняй левай - паў-арла, а пад ім тры ружы; у ніжняй левай - такі самы арол, у ніжняй правай - паўтарэньне дзьвух палосаў. На прылбіцы з кароны - арол бяз ног і цела, над галавой якога дзьве скрыжаваныя сякеры.

Манускрыпт аб Фаміліях Прускіх.


На тарчы, тарча малая, нібыта ў трохкутнік укладзеная, на той паў-арла відаць чорнага, у полі залатым, з крыламі разгорнутымі, з пысай улева тарчы павярнутай, на ісподзе тарчы тры камяні, у полі чырвоным, на прылбіцы з кароны паў-арла чорнага такога, як на тарчы відаць.

Вывод Фаміліі УУ Лычкоўскіх, 1802. Нацыянальны гістарычны архіў Рэспублікі Беларусь.

Гісторыя герба

Гэты герб у 935 годзе трапіў у Польшчу з Нямеччыны ад знакамітых графоў Сольмскіх [Solms], валадароў Браўнфэльса [Braunfels], Мінтцэнбэрга [Mintzenberg] і Зоненвальда [Sonnenwald], і дзе ён, паводле Манускрыпту аб Фаміліях Прускіх, называўся Сломфф.

А. Лакіеръ "Русская геральдика". Книга I, СанктПетербургъ, 1855

Прародзічы Дому Суліма

Пасьля сьмерці князя Баляслава Сьвідніцкага [Bolesław Swidnicki], Ян Ромка [Jan Romka], біскуп вроцлаўскі [Wrocław], "за руплівасьць і шчырасьць" быў прызначан апякуном ягоных дзьвух непаўнагадовых сыноў, князя вроцлаўскага Гэнры V і князя легніцкага [Legnica]. Аднак, ён быў занадта шчодры і значна паменьшыў спадчыну хлапцоў, змарнаваўшы 60 000 грыўняў, з-за якіх, пазьней, у яго ўзніклі праблемы з князямі й былымі ўладарамі. Ён займаў прастол біскупа Вроцлава з 1292 па 1302 год.

Асобныя прадстаўнікі Дому Суліма прыпісвалі да сваіх імёнаў дадатак "з Плешава" [Pleszów]. Адным сярод іх быў Ібрам [Ibram] з Плешава, у 1398 г. каштэлян Завіхоста [Zawichost], дзе ён і паставіў свой подпіс на грамаце караля Ягайлы [Jagiełło], якая была дадзена гораду Любліну [Lublin]. Быў таксама й Станіслаў з Плешава Сулімчык [Stanisław z Pleszówa Sulimczyk], які сярод іншых узьняў свае штандары ў Будзе [Buda] у 1443 г.

Завіша Чорны [Zawisza Czarny], гэтак называны за колер свайго панцыра, чалавек выдатных якасьцяў, ваяр і дыплямат, суправаджаў пасольства караля Ўладзіслава Ягайлы да імпэратара Сігізмунда [Sigismund] з нагоды каралеўскага шлюбу з Агацыяй [Agacya], удавой караля Багэміі Вацлава [Vaclav]. Час місыі супаў з нанясеньнем табарытамі сакрушальнай паразы Сігізмунду, які зьбег з Багэміі. Завішу паланілі. Вызвалілі ў 1424 г. Ён гасьцінна прымаў вялікіх манархаў, якія сабраліся ў пятніцу ў Кракаве [Kraków] з нагоды каранаваньня каралевы Ядвігі [Jadwiga] і быў шчодрым на падарункі.

Ражноў на Дунайцы. Руіны радавога замку Завішы Чорнага. Галіцыя. Акварэль Н.Орды. ХІХ ст. У 1428 г. Завіша, на гэты час староста cьпішоўскі [Spisz], ачоліваў армію таго самага імпэратара Сігізмунда, калі той, прыціснуты ворагамі да ракі, увесь перапужаны, адбіваючыся ад турэцкіх мячэй, перабраўся з большасьцю войска на супрацьлеглы бераг Дуная. Пакінутым з-за недахопу сродкаў пераправы парэшткам арміі імпэратара паганцы ўчынілі сапраўдную разаніну. Сігізмунд, высока цаніўшы заслугі Завішы, паслаў за ім лодку, загадаўшы яму ратаваць сваё жыцьцё. Але Завіша, як чалавек рыцарскіх вартасьцяў, палічыў непрымальным пакідаць свой пост ці кідаць кавалерыю, аддзякаваў імпэратара за яго прыхільнасьць і аддаў перавагу на карысьць гераічнае сьмерці замест пазбаўленьня сябе годнасьці, іспужаўшыся ворага. Ускочыў на каня з дзідай у руцэ і разам толькі зь дзьвума пяхотнікамі кінуўся змагацца з туркамі. Ён мужна біўся, але быў узяты ў кола перасягальнай колькасьцю ворага і захоплены тымі. Яго абязгалоўленае цела было прыдадзена зямлі жыхарамі Расціі [Rascja].

Длугаш зьмяшчае ў сваіх Эпітафіях верш каноніка кракаўскага Адама Свінкі [Adam Swinka], прысьвечаны Завішу. З яго вынікае, што Завіша быў пабраны шлюбам з Барбарай, пляменьніцай біскупа кракаўскага Пётры Вішы [Piotr Wisz], і што тая ня вытрымала гора страты мужа й сканала, пакінуў ад яго дзьвух сыноў, Марціна [Marcin] і Станіслава з Ражнова [Stanisław z Rożnowa], які загінуў разам з каралём Уладзіславам пад Варнай. Гэта па словах Длугаша і Кромэра [Cromer], але Леўнклавіюс [Leunclavius] у Турэцкіх Хроніках называе аднаго з сыноў Міхалам [Michał] і піша, што той мужна біўся ў сутычцы пад Варнай у 1444 г. "Кароль Вугоршчыны змагаўся па адну руку, па іншаю - Міхал, вядомы як Чорны, яны атакавалі аддзелы Мурада з такой моцай, што вымусілі ворагаў шукаць ратунку."

Магільны помнік Барбары з Ражнова. Тарноў "Барбара дэ Ражноў унучка сына боскага Завішы Чорнага самага выбітнага рыцара ў хрысціянскім сьвеце жонка Іаяна [Joannes] Тарноўскага кашталяна кракаўскага. Жыла 70 год. Сканала ў 1517 г." абвяшчае надпіс на магільным камяні ў Тарнове [Tarnów]; яе сын Ян Тарноўскі быў Вялікім Гэтманам Каронным (1527-1561г.г.).

Шэраг прадстаўнікоў фаміліяў клану пазычылі сабе найменьне герба, некалькі з іх атрымалі распаўсюд у Падольлі, дзе апошняя спадчыньніца завяшчала маёнтак у Камянцы-Падольскім сёстрам Сьв. Дамініка. Ганна пабралася шлюбам з Хадароўскім [Chodorowski]. Іншыя Сулімы асяліліся на Сандамершчыне [Sandomierz], з якіх Ежы [Jerzy] Суліма Чорны падпісаў элекцыю Ўладзіслава IV. Пасля сьмерці ў 1306 г. Барыслава [Borysław], архібіскупа гнезьненскага [Gniezno], у якасьці ягонага пераемніка на гэтую пасаду Папа прызначыў Януша [Janusz], архідыякана гнезьненскага, які ў той час знаходзіўся разам з Барыславам у Авіньёне [Avignon]; паводле Длугаша, ён належыў да клана Суліма. Дамалевіч [Damalewicz] жа ў Летапісах Гнезьненскага Архібіскупцтва ўвогуле не згадвае яго з таго, што ў той год гэты прастол займаў Якуб Свінка [Jakób Swinka].

Стэфан [Stefan] Суліма быў васалам на Дыміры [Dymir]. Браты Сэвярын [Seweryn] і Тодар [Teodor] былі васаламі, Сэвярын - на Казарах [Kozary], а Тодар - на Юльцах [Julce] і Бярэсках [Bereski]; яны ды іхны стрыечны брат Стэфан, васал на Цыбелі [Cybel], мелі прывілей на шляхоцтва, аднаўлёны ў 1659 г. канстытуцыйным актам.

Паводле працаў Акольскага, Бельскага, Дамалевіча, Длугаша, Кромэра.

Карыстальнікі гербам

Абідоўскі, Агродзенскі, Агродзінскі, Азяблоўскі, Азямблоўскі, Апораўскі, Апароўскі, Апульскі, Арчынскі, Байтэль, Баркоўскі, Барташэўскі, Бодывіл, Ботвіт, Браснеўскі (Бржасьнеўскі), Браташэўскі, Будзіслаўскі, Будзьвіл, Бухлер, Вансовіч (Васовіч), Вершаўт, Гадвадоўскі, Гаеўскі, Гамрат, Гамуліцкі, Гамшэй, Гарбалеўскі, Гарбоўскі, Гаслубскі, Гасьлюбскі, Гатундовіч, Гатунтовіч, Гольстэйн (Гольштэйн), Готаўт, Готунд, Гоцлаўскі, Гралеўскі, Грахолінскі, Грыжжэўскі, Грыжэўскі, Грыцаловіч, Гэншэль, Давілёвіч, Давіловіч, Дзяржаньскі, Дзярзаньскі, Дэйм, Дэйма, Жабакрэцкі (Жабакржэцкі), Забакрэцкі (Забакржэцкі), Забакрыцкі (Забакржыцкі), Заблоцкі, Завіша, Задарноўскі, Заліевіч, Зямецкі, Камінскі, Кілеўскі, Кілінскі, Кілярскі, Канапліцкі, Канрадэ дэ, Канрады, Келецкі, Керноўскі, Конрацкі, Кот, Крапінскі, Кусчына, Лавецкі, Лазараў, Лескі, Ліпстоўскі, Лычка, Лычкоўскі, Мазавіта, Мармузоўскі, Медзяноўскі, Мілёнскі, Мілонскі, Мілоўскі, Мушкат, Мянтонскі, Немянтоўскі (Немятоўскі), Пангоўскі (Пагоўскі), Пепаль, Піпа, Пляшэўскі, Попель (Попел), Правускі (Пржавускі), Праюскі (Пржаюскі), Праюшын (Пржаюшын), Прыбароўскі (Пржыбароўскі), Прыбыловіч (Пржыбыловіч), Прыгодзінскі (Пржыгодзінскі), Прылоскі (Пржылоскі), Прылускі (Пржылускі), Пянгоўскі (Пягоўскі), Пячымуха, Рагачэўскі, Радзівіловіч, Радзівонавіч, Ракошак, Ромка, Рымідовіч, Рычгорскі, Савіч, Самайловіч, Самуйла, Служоўскі, Сробскі, Стравінскі, Стромскі, Струмскі, Стрэж (Стржэж), Сулігоўскі, Сулікоўскі, Суліма, Сулкоўскі, Сулькоўскі, Трцінскі (Тржцінскі), Узебла, Узембла, Уладковіч, Улановіч, Уланоўскі, Улодак, Ульляновіч, Уляновіч, Уляноўскі, Усакоўскі, Фабісевіч, Фарурэй, Хабіноўскі, Хадоўскі, Харбіноўскі, Хаўлоўскі, Хрчаноўскі (Хржчаноўскі, Хршчаноўскі), Цэльляры, Чарнакрук, Чарны, Шаёўскі, Шантыр, Шантыц, Шаўлоўскі, Шклярэўскі (Шкляржэўскі), Шробскі (Шржобскі), Шропскі, Шульчэўскі, Ярычоўскі, Ярычэўскі, Яскевіч, Яцімірскі, Яцунскі, Яцымерскі, Яцымірскі