Ігуменскі павет
Менскай губэрні
XIX ст.

Адміністрацыйная мапа

Мапа - Ігуменскі павет
  • Падзел
  • Насельніцтва
  • Рэлігія
  • Гісторыя

Падзел

Пасля разьняволеньня сялян спачатку ўтворана 46 сельскіх воласьцяў і ў іх 340 старостваў. Апроч таго ў 1866 годзе было 4 воласьці казённых сялян. Зараз колькасьць воласьцяў скарочана да 23, а старостваў да 197. Пералічым воласьці ў альфабэтным парадку: Амельнянская, Белічанская, Брадзецкая, Верхменская, Грабёнская, Даўжанская, Дудзіцкая, Дукорская, Кліноцкая, Магільнянская, Навасёлкаўская, Пагарэльская, Пагосцкая, Пукаўская, Пухавіцкая, Пярэжырская, Слабода-Пырашаўская, Сьмілавіцкая, Узьдзенская, Цытвянская, Шацкая, Юрэвіцкая, Якшыцкая.

Адносна адміністрацыйнага і судовага ўладкаваньня павет падзяляецца на паліцэйскія станы, якіх чатыры: 1) Узьдзенскі, 2) Сьмілавіцкі, 3) Бярэзінскі, 4) Пухавіцкі; на судовыя акругі, якіх чатыры; на вайсковыя акругі, якіх чатыры: 1) Ігуменскі, 2) Пухавіцкі, 3) Шацкі, 4) Бярэзінскі; на вайскова-конскія дзяльніцы, якіх 22.

Насельніцтва

Колькасьць палякаў да 20000 (Эркерт), да 80000 русінаў, да 16000 габрэяў. Зь іх шляхты больш за 10000, больш за 8000 мяшчан, больш за 85000 сялян; а астатняе насельніцтва складае клас, так званых, аднадворцаў, хлебаробаў і інш.

Рэлігія

Праваслаўная царква сёньня налічвае найвялікую колькасьць вернікаў, бо да 80000 складае насельніцтва, якое ў 1840 годзе адлучана ад Уніі. У павеце ёсьць праваслаўных цэркваў: 146 драўляных, 2 каменных. Зь іх 54 прыходскіх, а астатнія зьяўляюцца філіяльнымі або капліцамі. Адзін манастыр у Лядзе, былы базылянскі. Духавенства каля 240 асоб.

Каталіцкі касьцёл на Ігуменшчыне, з 1870 года прыналежны Віленскай дыяцэзіі, згодна апошнім рубрыцэлям у сямі парафіях, што абслугоўваюцца толькі сямю сьвятарамі, яднае больш 23000 вернікаў, а менавіта: 2900 у Бярэзінскай, 2950 у Ігуменскай, 2815 у Блонскай, 1345 у Серафінскай, 5627 ва Ўзьдзенскай, 3777 у Каралішчавіцкай, 4000 у Анопальскай. Апошняя зь іх, заснаваная амаль 14 гадоў таму пасля ліквідацыі Дукорскай парафіі, мае касьцёл за межамі Ігуменскага павета, у Менскім павеце і прыналежны Менскаму дэканату. Уласна дэканат адзін - Ігуменскі, аднак для выгоды адміністраваньня апроч часткі Анопальскай парафіі, як было адзначана, Узьдзенская парафія прылічана да Наднёманскага дэканату, праўленьне якога зьмесцавана на тэрыторыі Менскага павета. Апроч парафіяльных касьцёлаў у павеце ёсьць 1 філіяльны і 16 капліц, у якіх час ад часу адбываюцца набажэнствы, а менавіта, у Бярэзінскай парафіі: Раваніцкая (філія), у Брадце, у Гажыловічах, у Асмалоўцы і Перавозе. У парафіі Ігуменскай: у Сьмілавічах і Убелі. У парафіі Блонскай: у Міжрэччы; у парафіі Серафінскай: у Суціне; у парафіі Ўзьдзенскай: у Талкачэвічах, Кухцічах, Узьдзе, Падсацкіх, Рабінаўцы і Старынках. У парафіі Анопальскай: у Шабунях.

Што да даты заснаваньня прыходскіх касьцёлаў і іх фундатараў, то адзначым, што касьцёл у Беразіно, самага жаласнага стану і палічы разбураны, пабудаваны ў 1641 годзе на сродкі канцлера Лява Сапегі. Ігуменскі касьцёл пабудаваны ў 1799 годзе на ахвяраваньні вернікаў. Блонскі касьцёл 1748 году, па ўсёй бачнасьці, фундацыі Бакаў. Серафінскі касьцёл 1762 году фундацыі старога роду Янішэўскіх. Каралішчавіцкі касьцёл 1785 году фундацыі Прашынскіх. Узьдзенскі касьцёл 1684 году фундацыі Завішаў.

Пратэстанцкая грамада мае старажытны, былы арыянскі, касьцёл у прыгожым стылі, што супакоіў магілы сям'і Грабоўскіх, у радавым маёнтку Сямёнавічах.

Невялікая мусьлімская грамада мае 2 мячэты, а габрэі да 30 сынагог апроч малітоўняў.

Гісторыя

Ігуменскі павет, калісьці частка Менскага павету ў Менскім ваяводзтве, дакладней да 1793 года, калі Менскае ваяводзтва апынулася па той бок мяжы. З той пары па ўказе імпэратрыцы Кацярыны ад 13 красавіка Ігумен вызначаны павятовым горадам у новаўтвораным Менскім намесьніцтве. У 1795 годзе, калі па ўказе ад 3 траўня гэта намесьніцтва атрымала больш скончаную арганізацыю, былі скліканы разам з Ігуменскім астатнія адзінаццаць паветаў, прызначаны шляхецкія выбары і ў той час першым Ігуменскім маршалкам аднагалосна быў абраны Станіслаў Ельскі, пяцігорскі палкоўнік, былы камісар Вялікага Княства Літоўскага. Нягледзячы на тое, што ў 1796 годзе на падставе ўказаў імпэратара Паўла ад 12 і 13 сьнежня Менскае намесьніцтва ператворана ў губэрню і адбыліся некаторыя тэрытарыяльныя зьмены, хоць і ў 1842 годзе адбывалася зьмена меж, пры ўсім гэтым Ігуменскі павет у сваіх межах застаўся некранутым і з моманту ўтварэньня Менскай губэрні ўвесь час уваходзіць у яе склад.

На падставе Sulimierski F. Słownik geograficzny Królewstwa Polskiego. T.3, 1882, s. 250-255