Наваградзкі павет
Менскай губэрні
XIX ст.

Адміністрацыйная мапа

Мапа - Наваградзкі павет
  • Падзел
  • Насельніцтва
  • Рэлігія
  • Гісторыя

Падзел

У адміністрацыйна-паліцэйскім дачыненьні павет падзяляецца на пяць паліцэйскіх акруг (станаў) і 24 воласьці, якія ахапляюць 57 сельскіх старостваў. Першая паліцэйская акруга Нягневіцкая, з управай у мястэчку Нягневічы, улучае Вераскоўскую, Гарадзечненскую, Любчанскую, Нягневіцкую, Уселюбскую і Шчорсаўскую воласьці; другая паліцэйская акруга, з управай у мястэчку Гарадзішча, улучае Гарадзішчанскую, Кашалёўскую, Пачапаўскую, Райчанскую і Цырынскую воласьці; трэцяя паліцэйская акруга, з управай у мястэчку Новая Мыш, улучае Жухавіцкую, Навамыскую, Сталовіцкую і Чэрніхаўскую воласьці; чацьвертая акруга, з управай у мястэчку Мір, улучае Гарадзейскую, Карэліцкую, Мірскую і Ярэміцкую воласьці; пятая акруга, з управай у мястэчку Сноў, улучае Востраўскую, Дараўскую, Крывошынскую, Сноўскую і Ястрэблінскую воласьці.

Далей павет падзяляецца на 4 судовыя акругі і 4 вайсковыя акругі з управамі ў Наваградку, Міры, Гарадзішчы і Дараве.

Паводле апошніх дадзеных у павеце зьмесцавана 723 вёскі, 371 фальварак, 54 засьценкі, 27 шляхецкіх ваколіц і 25 мястэчак, а менавіта: Валеўка, Ведзьма, Востраў, Гарадзішча, Ішкалдзь, Карэлічы, Крашын, Крывошын, Ліпск, Любча, Мір, Новая Мыш, Наваградак, Паланечка, Палонка, Паручын, Пачапава, Сваятычы, Сноў, Сталовічы, Турэц, Уселюб, Цырын і Ярэмічы. Толькі Наваградак мае выгляд больш менш за прыстойны горад.

Насельніцтва

З этнаграфічнага погляду Наваградзкі павет уяўляе сабою характэрную сумесь старажытных крэўных славяна-літоўскіх плямён, бо тут асталяваліся плямёны дрыгавічоў, крывічоў, ядвінгаў і ліцьвінаў і ператварылі край у тыповую Русь, якую нашы гісторыкі і этнографы адносяць да Чорнай ці да Белай. Думкі ў гэтым пытаньні адрозьніваюцца. Сярод гэтага русінскага племені габрэі і татары паявіліся даруй з часоў Вітаўта, а са стварэньнем палітычнага хаўрусу Літвы і Польшчы расьсяліліся палякі.

Усё насельніцтва складае каля 185000 душ, у тым ліку каля 18000 палякаў (Стаўпянскі), 9400 ліцьвінаў, каля 25000 габрэяў, 408 магамэтанаў польскай грамады, 268 пратэстантаў польскай грамады, каля 4200 русінаў каталікоў (Стаўпянскі), а астатнія, г.зн. 137000, складаюць праваслаўныя русіны, адлучаныя ў 1839 годзе ад Уніі.

Рэлігія

Да 1839 году мясцовыя русіны належалі да ўніяцкай канфэсіі, а пазьней былі прылічаны да панавальнага вераньня. У 1880 годзе было 20 мураваных цэркваў, у сваёй большасьці пераробленых з касьцёлаў, 49 драўляных, у тым ліку 49 прыходзкіх; 1 мураваная капліца і 52 драўляных. Да 1839 году ў павеце было 50 уніяцкіх парафій. У адміністрацыйным стаўленьні прыходы падзяляюцца на тры благачынствы: у Наваградку, у Вялікіх Журовічах, у Каўпеніцы.

Каталіцкая царква, значна абмежаваная ў сьвятынях і духавенстве, у 1869 годзе зь Менскай дыяцэзіі, пасля яе скасаваньня, пераведзена ў Віленскую, а ў наш час з 1883 году далучана да Магілёўскай архідыяцэзіі, налічвае 24360 вернікаў абодвух полаў, мае сем парафій: у Наваградку, Уселюбе, Варончы, Крошыне, Дараве, Паланечцы і Новай Мышы. Парафіяльныя храмы ў Наваградку, Варончы, Уселюбе і Новай Мышы пабудаваны з каменя, астатнія ж драўляныя.

Пратэстанты маюць старадаўні мураваны сабор у Асташыне фундацыі Швяйкоўскіх. Асташынскі касьцёл зьяўляецца філіей Слуцкай парафіі.

Магамэтане маюць два мячэты, а менавіта: у Лаўчыцах і ў Наваградку. Габрэі валодаюць 7 сынагогамі і 20 школамі, інакш малітоўнямі.

Гісторыя

Наваградзкі павет да 1793-95 гадоў, г.зн. да моманту анэксіі яго Расеяй, быў адным з трох паветаў Наваградзкага ваяводзтва. У той час яго ўсходняя і паўночная часткі ўвайшлі ў склад наватворнага Нясвіскага павета Менскага намесьніцтва, ператворанага ў Слуцкі павет пры стварэньні Менскай губэрні, тады як яго заходняя і паўднёвая часткі ўвайшлі ў склад Слонімскай губэрні, а з 1796 году ўлучаны ў склад Літоўскай губэрні, якая ў 1801 годзе была падзелена на дзьве, Віленскую і Гарадзенскую, і перадала свой Наваградзкі павет апошняй. У 1842-43 гадах па ўказаньні імпэратара Мікалая зноў адбылася перакройка меж і тады Наваградзкі павет быў улучаны ў склад Менскай губэрні. Такім чынам часткі былога Наваградзкага павету рассыпаліся ў розныя бакі, таму як зараз знаходзяцца ў Слуцкім, Мазырскім, Менскім, крыху ў Слонімскім і Бабруйскім паветах.

Маршалкамі Навагрудзкага павету былі: Уладзіслаў Брахоцкі гербу Асорыя (апошнія перад 1863 годам выбары), Андрэй Юндзіл гербу Лебедзь, Юзаф Корбут гербу Корчак (1807-12), граф Аляксандар О'Рурк гербу ўласнага, князь Канстанты Радзівіл, Рдултоўскі гербу Драгаслаў, Казімір Рэйтан гербу ўласнага (да 1805 года), Францішак Дунін Раецкі гербу Лебедзь (1822), Юзаф Вайніловіч гербу Сыракомля (зьм.) (1816-20), Юзаф Вайніловіч таго ж гербу (1858), Мікалай Вольскі гербу Паўкозіц, Юзаф Верашчака гербу Ліс (1825).

На падставе Sulimierski F. Słownik geograficzny Królewstwa Polskiego. T.7, 1886, s. 258-262