Роля шляхты ў гісторыі

Частка I. Народ шляхецкі

Для таго, каб паняць духоўныя сувязі той палітычнай канструкцыі, што звалася Рэччу Паспалітай, для таго, каб аб'ектыўна ацаніць праяўленьні польскай гістарычнай мысьлі і ахапіць мінулае народа, неабходна пазнаць гістарычную ролю вялізнага сацыяльнага слою, які вядомы як шляхта польская.

Трэба ўсьведамляць, што шляхта ў Польшчы ня была толькі тонкім плястом вышэйшага стану, а складала велічэзную, надзвычай шматлікую частку народа, як ні ў воднай іншай краіне Эўропы. Колькасьць тая была адметнай прыкметай польскай сацыяльнай канструкцыі. У той час як Францыя напрыканцы XVIII ст. на 20 мільёнаў насельніцтва мела дваранства колькасьцю ў 140 000 чалавек, то бок ня поўных ¾ адсотка, Рэч Паспалітая ў тыя жа гады на 10 мільёнаў жыхароў налічвала болей за мільён шляхты (пэўныя гісторыкі прыводзяць лічбу ў 1 300 000), што складала 10-13 % ад агульнай колькасьці насельніцтва. Гэты нябылы адсотак становіцца тлумачальным, калі прыгледзіцца да ўнутранай структуры польскай шляхты. Яна адрозьніваецца вышэйшай ступеньню разрозьненьня, наяўнасьцю распластаваньня, што практычна адпавядае фармаваньню паўнавартаснага сацыяльнага грамадзтва. Здавалася, у аднаістым "стане" выяўляюцца чатыры цалкам розныя, ізаляваныя адна ад адной групы.

Я. Матэйка "Магутнасьць Рэчы Паспалітай у зэніце. Залатая вольнасьць. Элекцыя Р.П. 1573 г."

На вяршыні гэтай піраміды знаходзяцца вялікія магнацкія роды, уладальнікі вялізных лятыфундыяў, кратна пераўзыходзячых па плошчы малыя й нават сярэднія княствы на Захадзе. Ніжэй ідуць заможныя земляўласьнікі, адпавядаючыя ангельскай назьве "gentry", сярод якіх яшчэ магчыма вызначыць "кармазінаў" і шляхту сярэдняй дастачы, якія валодалі адной-дзьвума вёскамі. І, нарэшце, надолу распасьціраецца безьлічная маса шляхты дробнай, беднай, званай шарашковай, заградовай ці засьцянковай (ваколічнай). Гэтая група складаецца з уладальнікаў зямельных дзялянак у некалькі моргаў, якія яны, зусім не маючы падданых, апрацоўвалі ўласнаручна, як сяляне. Эканамічна ад іх не адрозьніваюцца і часта стаяць ніжэй лепей забясьпечаных сялян, напрыклад, з каралеўскіх маёнткаў. "Палітычна стоячыя над халопамі, матэрыяльна часьцяком горш забясьпечаны", казаў аб іх Павінскі (Польшча XVI стагодзьдзя). Усьлед, на прыступку ніжэй, ідзе натоўп безьзямельнай шляхты, выразна званай "галота", якая не мае аніякай нерухомасьці, займае дробныя пасады на паслугах пры дварах заможных земляўласьнікаў ці шукае іх заступніцтва, аднак часьцей, ціхенька расчыняецца ў гарадох і займаюцца рамесьніцтвам ці гандлем.

Зь мільёну польскай шляхты гэты шляхецкі пралетарыят, зь зямлёй ці без, складаў яе асноўны адсотак. Склад гэтай групы розны. Поўнілася яна часам зь ліку набілітаваных сялян, але часьцей зьяўлялася вынікам працяглага працэсу раструшчваньня земляўладаньняў, які ў скутку сямейных абставінаў, а таксама эканамічных і ваенных узрушаньняў, давёў шляхецкія ўладаньні да памераў дзьвухморгавых надзелаў. Ужо ў сярэдзіне XVI стагодзьдзя ў розных ускрайках Рэчы Паспалітай - у Мазовіі, на Падляшшы, у Літве і на кашубскім Памор'і, зьяўляецца шматлікі слой, афіцыйна званы "nobiles pauperes", убогая шляхта, якая пазьней, усутыч да нашага часу, усё болей прыпадабнялася сялянству, цалкам ахалопіцца. Памалу яна ў Польшчы залюдняла цэлыя вёскі і нават паветы. Араў свой нікчымны кавалак той гербавы бядак, у знак шляхетнага паходжаньня не здымая шаблі. Араў і пераказваў сам сабе прыказку, якая прыхарошвала нізкі матэрыяльны ўзровень усёй гэтай "высокароднай" бядоты: "Хоць басы, але зь мячом!"

Тое, што польская шляхта не была аднаістым грамадзкім слоям, што распадалася на некалькі сацыяльных групаў, зьяўлялася яе яскравай адзначнай прыкметай ад заходняга дваранства. Умовы, сфармаваўшыя мільённую масу насельніцтва, стварылі зьяву, якая не мае сабе аналягаў. Не бяз бачных падставаў, ня толькі дзякаючы ўсьведамленьню свайго прывілеяванага становішча, але й сваёй лічбавай моцы, называла сябе проста "народам шляхецкім". Паміж рознымі слаямі польскай шляхты, разлучаных безданьню маёмаснай няроўнасьці, прынцыпова існавала абсалютная роўнасьць. Вядомая, і якая з годнасьцю пільнавалася, гэтак званая, "шляхецкая роўнасьць", зьяўляецца адной з самых характэрных адметнасьцяў грамадзкага жыцьця Польшчы. Ад Радзівіла, які скаланае Літву, да ўбогага шарашка, усе, тэарэтычна, узнаваны роўнымі як шляхта, і толькі трыманьне ўрадаў узвышае аднаго над адным. У знак роўнасьці - шляхта, не зважаючы на адрозьненьне ў становішчы, называла адзін другога "браты". Магнат, годны каралеўскае кароны, зьвяртаўся да бязроднага шляхціча па спрадвечнай звычцы: "пане браце". Душа народу кадыфікуе гэта ва ўсевядомай і ўлюбёнай прыказцы, якая гучыць: "szlachcic na zagrodzie równy wojewodzie", шляхціч на загродзе роўны ваяводзе. Сапраўды, у прававым дачыненьні - за выключэньнем паасобных істотных дробязяў - не існавала аніякіх адрозьненьняў сярод асобных груп шляхты. Усе займалі аднолькавае праўнае становішча ў дзяржаве. Перад усімі ў аднолькавай меры адкрываўся ўдзел у грамадзкіх справах і шлях да найвышэйшых заслугаў і годнасьцяў, ня выключана - каралеўскіх.

На практыцы гэта навочна ілюструе лёс сям'і Панятоўскіх, у якой дзед быў нікому не вядомым шляхцюком, сын - ужо першым сэнатарам Рэчы Паспалітай, а ўнук - каралём. Трымала гэту роўнасьць польская шляхта ў тым ліку й безумоўнай забаронай дамаганьня тытулаў баронаў, графоў і князёў, што заўсёды і неаднаразова абвяшчалі соймавыя пастановы, якімі нагадвалі аб гэтым кожнаму пакаленьню, навучаючы прынцыпу, што няма большай годнасьці, чым быць грамадзянінам вольнай Рэспублікі. Выключэньне склалі толькі роды, якія княжылі на Літве і Русі, паходзячыя ад гаспадарыўшых тамака дробных уладароў, і падпісаўшыя акт Любельскай Вуніі, якім было пакінута права й надалей звацца "князямі". Кароль польскі, ня меўшы ўлады надаваць тытулы тутэйшай шляхце, прымеў іх надаваць толькі іншаземцам, а статут 1673 года ўстанаўліваў пакараньне пажыцьцёвай інфаміяй (ганьбай) тым, хто па прыманьні тытулу ад замежнага манарха паважыцца абразіць прынцып роўнасьці. Таму, амаль да самага апошняга, шляхта не дапусьціла ўвядзеньня інстытуту ордэнаў. Спроба заснаваньня Уладзіславам IV ордэна Беззаганнага Зачацьця была адкінута Соймам. Толькі ў сярэдзіне XVIII стагодзьдзя, у пэрыяд усеагульнага замяшаньня, пад прымусам зьявіўся першы польскі ордэн Белага Арла.

Такім чынам, дух "народу шляхецкага" быў рэспубліканскім і дэмакратычным у поўным сэнсе гэтага слова. Ганарлівыя сваімі свабодамі, якіх не было ані ў кога на кантынэнце, і часта звыш меры імі ўпояныя, аднак ніколі, за выключэньнем пакаленьняў канца XVII і першай паловы XVIII вякоў, угразнуўшых у судовых цяганінах, шляхецкі стан не зачыняўся цалкам ад папаўненьня шэрагаў за кошт іншых слаёў насельніцтва. Польская шляхта не пайшла па небясьпечнаму шляху выраджэньня ў жорстка закасьцянелую касту, а захавала прыкметы арганізму, які пастаянна адраджаецца. Прытым пуціна да гэтага прывілеяванага стану вяла не праз багацьце і ўплыў, а праз рыцарскія заслугі, якія былі даступны і самым бедным; яскравым прыкладам характарыстыцы народнага духу зьяўляецца тое, што з сярэдзіны XVI стагодзьдзя не кароль валодаў правам набілітаваньня, а Сойм, г.зн. - "народ". Ані ў воднай краіне Эўропы не было такой колькасьці наданьняў дваранства і такой дасягальнасьці 1). Звычайнай зьявай было масавае ашляхечваньне цэлых халопскіх вёсак за вайсковыя вычыны. Гэтман Замойскі ў сувязі з перамогай пад Вялікімі Лукамі прыняў пад свой радавы герб значную частку жаўнераў, што паўтараў пазьней яшчэ не аднойчы. У прыватнасьці, па выгнаньні швэдаў шмат сялян, якія служылі ў войску, было набілітавана за Янам Казімірам ва ўзнагароду за вызваленьне краіны ад непрыяцеля. Пры каралі Жыгімонце Аўгусьце шмат мяшчанаў атрымала шляхецтва. Прафэсары Кракаўскай Акадэміі атрымлівалі яго аўтаматычна. Да рыцарскага стану былі прылічаны нават асеўшыя на Літве татары, хоць ад астатняй шляхты іх адлучала рэлігійная процьма - у разуменьні прасякнутага каталіцтвам грамадзтва яны былі "нявернымі". Аднак найбольш адметна тое, што дапушчаліся да гербовага клейноду - ахрышчаныя натуральна - габрэі, зьява ў тыя часы ганебная і пагардлівая. Набілітавана іх дастаткова ў XVI стагодзьдзі. У сярэдзіне XVIII веку адаравана шляхецтвам вялікая колькасьць габрэйскіх сем'яў, прыналежных да сэкты гэтак званых франкістаў.

З вышэй сказанага ясьнее, што ўдзелам у шырокіх палітычных свабодах, у грамадзкім жыцьці і ва ўплыве на дзяржаўныя справы валодала не якаясь нязначная кучка алігархаў, а значная мільённая частка народу, маса насельніцтва, якая стала расла. Да выбарчых урнаў станавілася 200 000 шляхты. Колькасны ўзровень гэтага ўдзела лепш давесьці сьведчаньнем таго, што Францыя за Люі Філіпам (1830-1846), як гэта змог са слушнай пыхай адзначыць у сваім лісьце да Лямартына Жыгімонт Красінскі, налічвала адсотак грамадзян, упаўнаважаных галасаваць у прадстаўнічых ворганах, меньшы, чым Польшча за тры вякі да гэтуль.

Polska encyklopedia szlachecka. T.1, 1935.

Падрыхтаваў ды пераклаў

1 Мужы рыцары прымалі да свайго братэрства ўсё болей людзей, прымалі цэлыя палкі і цэлыя пакаленьні. І стала тая лічба братоў велічынёй з народ, і ані ў воднага народу не было столькі вольных людзей і братамі званымі, як у Польшчы. (Міцкевіч: "Księgi narodu polskiego").