Сеньненскі павет
Магілёўскай губэрні
XIX ст.

Адміністрацыйная мапа

Мапа - Сеньненскі павет
  • Падзел
  • Насельніцтва
  • Рэлігія
  • Гісторыя

Падзел

У адміністрацыйным дачыненьні павет падзяляецца на 4 паліцэйскія акругі, з управамі ў мястэчках Чарэя, Сянно, фальварку Берашова і мястэчку Бобр, і 15 валасьцей: Абчуга, Астроўна, Бобр, Высокі Гарадзец, Замачак, Какоўчын, Латыгава, Лісічна, Лукомля, Талачын Зарэчны, Машканы, Пустынкі, Расна, Ульлянавічы і Чарэя.

Насельніцтва

Агульная колькасьць насельніцтва складае 110 581 душу, у тым ліку ў Сянно 2 996 душ (1 290 габрэяў), у мястэчках 9 176 душ (6 612 габрэяў). Паводле валасных сьпісаў у павеце жыве 82 468 сялянаў. У 1867 годзе ў павеце было (без горада Сянно) 79 368 жыхароў, у тым ліку 1 964 шляхты, 7 072 мешчаніна, 1 692 аднадворца, 5 592 казённых селяніна, 59 222 разьняволеных селяніна, 447 габрэяў земляробаў; паводле жа веравызнаньня, апроч праваслаўных, 4 006 каталікоў, 1 831 раскольнік, 42 пратэстанты і 4 777 габрэяў.

Згодна Стаўпянскаму ў 1864 годзе ў павеце быў 85531 жыхар (71667 праваслаўных, 5551 каталік, 1894 раскольнікі, 6414 габрэя; 2263 спадчыннай шляхты, 974 дараванай, 607 духавенства, 8682 мешчаніна, 70785 сялян). Згодна рубрыцэлям Магілёўскай архідыяцэзіі ў 4 парафіях павета было 6519 каталікоў.

Рэлігія

У 1871 годзе ў павеце было 62 праваслаўныя царквы (4 мураваных), 1 раскольніцкая малітоўня і 4 каталіцкіх парафій: Бобр, з капліцай на пахавальных могілках, Вядец (філія), Сянно, з капліцамі на пахавальных могілках у Пурплеве, і Чарэя, з капліцамі ў Багатырах, Калятках, Абчузе і араторыюмам у Мелячковічах. Сеньненскі дэканат Магілёўскай архідыяцэзіі ўлучае амаль увесь Сеньненскі павет (частка датычыцца да Талачынскай парафіі ў Аршанскім павеце) і мае 4 парафіі, 6 капліц, араторыюм і 5 106 вернікаў.

Гісторыя

Віцебскае і Полацкае княствы каля 1500 года былі перайменаваны ў ваяводзтвы, а сёньняшняя тэрыторыя Сеньненскага павета ўваходзіла часткай у Полацкае (Лукомля) і часткай у Віцебскае (Сянно) ваяводзтвы.

Пасьля анэксыі Літвы (Беларусі) Расеяй, Сянно ў 1773 годзе было вызначана павятовым горадам у Аршанскай правінцыі Магілёўскай губэрні. У 1796 годзе Сянно ўвайшло ў склад Беларускай губэрні, а ў 1802 годзе - Магілёўскай.

Маршалкамі шляхты Сеньненскага павету былі: Ануфры Лускіна гербу Адравонж (1781-83), Ян Цеханавецкі гербу Дамброва (1790), Каспэр Ваньковіч гербу Ліс (1798-1800), Ян Класовіч гербу Клосы (1805-07), Цыпрыян Саковіч гербу Помян (1809-11), Ян Эрдман (1812-14), Антоні Станішэўскі гербу Побаг (1817), Леан Здраеўскі гербу Юноша (1818-20), Казімір Сьлезаноўскі гербу Тапор (1822), Язэп Сьвяцкі (1858), Юліян Рашкоўскі гербу Даленга (1863).

На падставе
1. Sulimierski F. Słownik geograficzny Królewstwa Polskiego. T.10, 1889, s. 566-569

2. Аникіевичъ К.Т. "Сѣнненскій уѣздъ Могилевской губерніи", 1907, стр.67